ГАЛОЎНАЕ:
Прадстаўнік Расеі ў ААН назваў злачынствы ў Бучы «правакацыяй, падрыхтаванай уладамі Ўкраіны». Чаму гэта няпраўдаУкраіна пачала расьсьледаваньне ваенных злачынстваў у Бучы пасьля таго, як горад пакінулі расейскія вайскоўцы. У Бучы знайшлі мноства целаў мірных жыхароў, некалькі дзясяткаў ляжалі проста на вуліцы. Паводле папярэдніх зьвестак, гаворка ідзе больш як пра 300 забітых.
Ужо два дні супрацоўнікі мясцовай рытуальнай службы зьбіраюць целы. Кіраўнік расейскага МЗС Сяргей Лаўроў, камэнтуючы тое, што адбылося ў Бучы, заявіў, што там была зроблена «інсцэніроўка». Такія ж заявы гучаць у расейскіх афіцыйных СМІ. Іх паўтараюць і беларускія дзяржаўныя СМІ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Як з «Боінгам» МН17. Экспэрт расказаў, чаму ў Расеі выбралі тактыку агрэсіўнага адмаўленьня датычнасьці да падзей у БучыЗ калёнкі прапагандыста Андрэя Мукавозчыка ў «СБ», дзе аўтар устаўляе ў арыгінальны тэкст на расейскай беларускія словы ў нэгатыўнай афарбоўцы і карыстаецца тымі самымі канструкцыямі, што і расейскія прапагандысцкія тг-каналы:
«Тым, хто мае звычайны здаровы розум, няма патрэбы даказваць пастаноўку ва ўкраінскай Бучы. Вось расейскія войскі рыхтуюцца да плянавага адыходу (30 сакавіка) — не да кіданьня ўсяго, не да ўцёкаў, а спакойна, на загад, пакідаюць пазыцыі. Дзе ў іх у тыле ўвесь гэты час па вуліцах валяліся непрыбраныя трупы? Або камандзір, пакідаючы пасёлак і бачачы ляндшафт, махнуў рукой, маўляў, ат, няхай ляжаць? Прыдуркаватых там няма. Пасьля вулічных баёў у Бучы ў ход пайшоў галоўны калібар — інфармацыйны...
А ва Ўкраіне — досыць. Галава пасёлку радасна рапартуе (31 сакавіка), як ён яго «адбіў», — і ні слова пра трупы на вуліцах. Украдэпутат Жан Белянюк, увасабленьне мультыкультуралізму, здымае гераічнае відэа з самім сабой на «франтавой перадавой» — і зноў ані слоўца. Як, скажы ты, няма там ніякіх нябожчыкаў. Потым у пасёлак прыходзіць тэрабарона. І зноў нічога! Першыя кадры з трупамі, якія зручна паклалі галоўку на бардзюрчык, зьяўляюцца днём 2 красавіка...
Што яшчэ трэба даказваць? Хіба дадаць: гэта субота. Да выніковых нядзельных выпускаў навін ва ўсіх сусьветных тэлеканалаў градус гістэрыі ўзьняты да такой ступені, што яго вельмі цяжка праігнараваць. Ну, а ў панядзелак выйдуць газэты — і на ўвесь тыдзень у эўрапейцаў і англасаксаў будзе сфармаваны патрэбны настрой».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прадстаўнік Расеі ў ААН назваў злачынствы ў Бучы «правакацыяй, падрыхтаванай уладамі Ўкраіны». Чаму гэта няпраўдаУ відэа з Бучы рэдакцыя «СБ» апублікавала свае подпісы, дзе задаецца пытаньнем, ці ня «фэйк» гэта ад «украінскай прапаганды».
Аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Аляксей Аўдонін у этэры ток-шоў «Будни» на «Альфа Радыё» і «СБ ТБ» выказаў перакананьне, што «ніхто ніякіх разбораў праводзіць ня будзе».
«Самая галоўная мэта — актыўна падняць інфармацыйную, прапагандысцкую хвалю супраць Расеі. Мы бачым, гэта была правакацыя, ніякіх карцінак жахлівых, як яны малявалі, няма. Гэта пастаноўка, арыентаваная выключна на заходнюю аўдыторыю, і самамэта гэтай пастаноўкі і правакацыі — чарговая хваля санкцый супраць РФ. Яны заяўляюць аб тым, што трэба правесьці ваенны трыбунал і прывесьці да адказнасьці расейскае кіраўніцтва. Зразумела, што яны дзейнічаюць у сваім жа ключы, арыентаваным на тое, каб рабіць шоў, як гэта было і ў Сырыі з газавымі атакамі і „белымі каскамі“, але для заходняй аўдыторыі, якая не ангажаваная і глядзіць толькі гэтыя карцінкі, колькасьць раскіданых так званых трупаў па дарозе, калі едзе транспартны сродак, яно выклікае нейкі эмацыйны шок.
Якраз менавіта на гэта ўсё і разьлічана. Нічога агульнага зь нейкай рэальнай сытуацыяй, спробай разабрацца і зразумець, што такія ж, умоўна, але страшнейшыя бедзтвы былі на Данбасе, пачынаючы з 2014 году, і чамусьці ніякае ні CNN, ні BBC, іншыя заходнія каналы не асьвятлялі гэтага і не паказвалі, як зьвярэюць украінскія нацыяналісты. Бучу вельмі моцна раскручваюць, мала таго, некаторыя экспэрты зьвярнулі ўвагу, чаму была выбраная менавіта Буча: бо калі перакласьці з ангельскай, „butcher“ — гэта мясьнік», — сказаў Аўдонін.
Вуліцы Бучы заваленыя целамі мірных жыхароў пасьля расейскай акупацыі — фотасьведчаньне
Іншы тэлеканал беларускіх прапагандыстаў — АНТ — таксама абвінавачвае ў фэйках украінскі бок.
«Ва ўкраінскіх тэлеграм-каналах зьявіліся фатаздымкі расейскіх салдат, якія ўчынілі „генацыд у Бучы“. Вось толькі ўкраінскія каналы вырашылі выкарыстоўваць фатаграфіі якуцкіх салдат тэрміновай службы, якія знайшлі ў сацсетках. Насамрэч хлопцы дэмабілізаваліся яшчэ год таму. Цяпер ім параілі схаваць свае вайсковыя фота, каб не засьвяціцца ва ўкраінскіх фэйках.
Нагадаем, што частка ахвяр у Бучы — гэта людзі, зьнішчаныя тэрабаронай. Гэта пацьвярджаецца самімі ўкраінцамі. Астатнія целы — наступствы артабстрэлаў, якія вялі Ўзброеныя сілы Ўкраіны пасьля сыходу расейскіх войскаў — на гэта паказвае вялікая колькасьць варонак ад артудараў на відэа».
Тэлеграм-канал «Ваши Сливы», які спэцыялізуецца на абразах апазыцыйных актывістаў, незалежных журналістаў і вядзе агрэсіўную антыўкраінскую прапаганду, апублікаваў «выкрыцьцё» з параўнаньнем фатаздымкаў, зробленых нібыта на адной вуліцы з двух розных яе канцоў.
Аднак якасьць здымкаў не дазваляе дакладна вызначыць, ці сапраўды гэта тое самае месца з розных бакоў. Як і ў відэа пра трупы, якія нібыта варушацца, прарасейская прапаганда моцна заніжае якасьць фота- і відэаматэрыялаў.
У той жа час на здымках, зробленых Reuters і AFP у высокай якасьці, відаць і знакі, і машына, і целы, якія ляжаць на дарозе.
Нябожчыкі ў вызваленай Бучы. На здымках Reuters і AFP, зробленых у высокай якасьці, целы відаць і з аднаго, і з другога канца вуліцы. На беларускіх дзяржаўных СМІ якасьць здымкаў рэзка заніжаная
Адсюль бачныя і знакі, і частка машыны, і яміна на дарозе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прадстаўнік Расеі ў ААН назваў злачынствы ў Бучы «правакацыяй, падрыхтаванай уладамі Ўкраіны». Чаму гэта няпраўдаВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.