Як з «Боінгам» МН17. Экспэрт расказаў, чаму ў Расеі выбралі тактыку агрэсіўнага адмаўленьня датычнасьці да падзей у Бучы
На вуліцах Бучы, 2 карсавіка 2022
Заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў параўнаў сёньняшнюю пазыцыю ўладаў Расеі з тым, як яна адмаўляла датычнасьць да зьбітага летам 2014 году над Данбасам «Боінга» рэйсу МН17.
У авіякатастрофе над Данбасам ў 2014 годзе загінулі 298 чалавек. У Бучы Кіеўскай вобласьці пасьля вызваленьня ад расейскіх акупацыйных войскаў знайшлі целы больш за 300 закатаваных мірных жыхароў.
«Я думаю, яны цяпер шукаюць гішпанскага дыспэтчара Карласа або нясьвежыя трупы, якія загадзя былі прывезеныя ў Бучу. Гэта ж прыкладна тая ж тактыка, якую мы бачылі па зьбітым „Боінгу“ над Данбасам. Яны цяпер спрабуюць прыдумаць максымум вэрсій, і ў іх нават няма задачы пераканаць аўдыторыю ў адной зь іх. Задача роўна такая ж, як па зьбітым „Боінгу“, — пераканаць аўдыторыю, што праўды вы не даведаецеся ніколі. Што б мы вам ні казалі, з усіх бакоў, усюды падлог, усюды хлусьня, усюды падман — у гэтым мэта», — сказаў «Настоящему времени» Руслан Левіеў.
Жыхары горада Буча ў Кіеўскай вобласьці, які нядаўна быў вызвалены ад расейскай акупацыі, працягваюць расказваць аб масавых забойствах мірных грамадзян расейскімі вайскоўцамі, катаваньнях і зьдзеках. Мінабароны РФ катэгарычна адмаўляе дачыненьне сваіх вайскоўцаў да пакараньняў сьмерцю мірных жыхароў і называе фота і відэа целаў на вуліцах Бучы «фэйкамі» і «правакацыяй».