Краіны Эўразьвязу высылаюць расейскіх дыпляматаў

Амбасада Расеі ў Бэрліне

МЗС Нямеччыны абвясьціла 40 расейскіх дыпляматаў пэрсонамі нон грата, піша нямецкае выданьне Der Spiegel. Яны мусяць пакінуць краіну цягам пяці дзён.

Міністарка замежных спраў Нямеччыны Анналена Бэрбак заявіла, што «фатаграфіі з Бучы сьведчаць аб неверагоднай жорсткасьці расейскага кіраўніцтва і тых, хто дзейнічае паводле яго прапаганды, і аб імкненьні да зьнішчэньня, якое ня ведае межаў».

Выслаць супрацоўнікаў расейскіх дыпмісій таксама вырашыла Францыя. Паводле дадзеных францускіх СМІ, пакінуць краіну павінны каля 30 чалавек. Парыж лічыць, што дзейнасьць расейцаў супярэчыць інтарэсам бясьпекі Францыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Літва і Латвія высылаюць расейскіх амбасадараў

Літва раней сёньня заявіла, што адклікае амбасадара Эйтвідаса Баярунаса з Расеі, расейскаму амбасадару Аляксею Ісакаву прадпісана пакінуць краіну. Таксама было вырашана закрыць расейскае консульства ў Клайпедзе.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыелюс Ландсбергіс паведаміў, што аб гэтым рашэньні літоўскія ўлады праінфармавалі партнэраў па ЭЗ і NATO, заклікаўшы іх ужыць аналягічныя захады. Паводле яго, рашэньне зьнізіць узровень дыпляматычнага прадстаўніцтва прынята «ў адказ на агрэсію Расеі супраць Украіны і зьверстваў, якія ўчыняюцца расейскімі ўзброенымі сіламі ў розных акупаваных украінскіх гарадах, улучна зь бязьлітаснай разьнёй у Бучы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як сьвет адкажа на выклік бойні ў Бучы? Дыскусія экспэртаў

Латвія сьледам за Літвой паведаміла аб паніжэньні ўзроўню дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй, што прадугледжвае адкліканьне амбасадара з Масквы і прадпісаньне расейскаму амбасадару пакінуць Рыгу.