Літва і Латвія высылаюць расейскіх амбасадараў

Мітынг у Літве ў падтрымку Ўкраіны
Мітынг у Літве ў падтрымку Ўкраіны

Урад Літвы ў панядзелак — у сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну — прыняў рашэньне панізіць узровень дыпляматычных дачыненьняў паміж Літвой і Расеяй. Расейскаму амбасадару прадпісана пакінуць краіну. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс.

Таксама вырашана закрыць расейскае консульства ў Клайпедзе.

Літоўскі амбасадар таксама пакіне Маскву. Паводле Ландсбергіса, у найбліжэйшым часе ён вернецца ў Вільню.

Пра расейскія крокі ў адказ пакуль не абвешчана. Пра разрыў дыпляматычных дачыненьняў гаворка ў гэты момант не ідзе — пры адсутнасьці амбасадараў, як правіла, краіну прадстаўляе часовы павераны ў яе справах.

Кіраўнік МЗС Літвы таксама сказаў, што неўзабаве літоўскі амбасадар вернецца ў Кіеў. Нядаўна расейскія войскі адступілі ад сталіцы Ўкраіны.

Літва — адна з тых краін, якія найбольш рэзка крытыкуюць Расею за вайну ва Ўкраіне і заклікаюць да найбольш жорсткіх санкцый супраць Масквы. Яна стала першай краінай ЭЗ, якая панізіла ўзровень дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй.

Неўзабаве пасьля паведамленьня аб рашэньні Літвы Латвія паведаміла, што таксама вышле расейскага амбасадара і адкліча свайго амбасадара з Масквы.

​
XS
SM
MD
LG