Відэа ўкраінскай уцякачкі пра зьверствы «Азова», якое паказалі расейскія дзяржаўныя СМІ, зьняла ФСБ

Любоў Усьцінава з Марыюпалю

Распаўсюджанае расейскімі дзяржаўнымі СМІ відэа, на якім уцякачка з Марыюпалю расказвае пра зьверствы батальёна «Азоў», было разаслана прэс-службай ФСБ з патрабаваньнем не спасылацца на крыніцу. Гэта высьветліла «Мэдыязона».

24 сакавіка «РИА Новости» і іншыя расейскія дзяржаўныя СМІ выклалі відэа, на якім уцякачка з Марыюпалю Любоў Усьцінава расказвае пра зьдзекі азоўцаў над мірнымі жыхарамі.

СМІ ня ўказваюць крыніцу відэа. RT, адзін зь дзяржаўных расейскіх тэлеканалаў, выпусьціў гэтую навіну з пазнакай «Эксклюзіў» і буйным лягатыпам па-над кадрам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца Пуціна: Украіна пагадзілася з «прынцыповымі патрабаваньнямі» Расеі

«Мэдыязона» піша, што відэа з украінскай уцякачкай даслаў супрацоўнікам дзяржаўных СМІ Цэнтар грамадзкіх сувязяў ФСБ. Пры гэтым ведамства пазначыла абавязковую ўмову публікацыі роліка — крыніца відэазапісу не павінна быць згаданая ў матэрыяле.

«Азоўцы проста ганарыліся тым, што яны зьдзекуюцца зь людзей, што яны забіваюць усіх. Нават звычайных людзей, якія ні ў чым не вінаватыя, якія хаваюцца ад бамбаваньняў і ня ведаюць, як выжыць», — кажа на камэру жанчына.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канцлер Нямеччыны заявіў, што Бэрлін гатовы выступіць гарантам бясьпекі Ўкраіны

У тэксьце «Мэдыязоны» ёсьць скрыншоты ліста ФСБ, атрыманыя ад крыніцы, якая папрасіла аб ананімнасьці.

У лісьце, паводле выданьня, былі тры спасылкі на відэа, дзе ўцякачка нібыта дае інтэрвію, а таксама фота і запісы таго, як сілавікі вывучаюць зьмесьціва тэлефона жанчыны. Апошнія кадры апублікаваў толькі тэлеканал НТВ. Паводле мэтададзеных журналісты высьветлілі, што ўсе тры ролікі былі зьнятыя ўвечары 22 сакавіка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы ствараюць «полк „Пагоня“» для баёў за Ўкраіну

На першым відэа ўцякачка прадстаўляецца і кажа, што цяпер знаходзіцца ў Расеі «на мытні». Яна дзякуе Расейскай Фэдэрацыі і расказвае, што «мэр Марыюпалю адразу ж кінуў „жыхароў“ на волю лёсу», а «ўкраінскія вайскоўцы хаваліся ў дварах жылых кварталаў».

Сьледам дзяўчына згадвае, што ў яе ёсьць «два знаёмыя з „Азова“», якія «выкладалі ў сацыяльныя сеткі, як зьдзекаваліся з цывільных, звычайных людзей, дзяцей». Голас за кадрам просіць расказаць пра гэта падрабязьней, уцякачка запінаецца, і запіс спыняецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Імаверна, што мы страцілі ўжо сотні дзяцей». Зяленскі зьвярнуўся да парлямэнту Нарвэгіі

Другое відэа было зьнятае праз шэсьць хвілін пасьля першага, адзначае «Мэдыязона». На ім Усьцінава пачынае расказваць пра «Азоў» ужо без запінак. Яна зноў успамінае знаёмых з батальёна і відэа, якія яны публікавалі.

«[Яны] хаваліся ў школах, прыкрываліся мірнымі жыхарамі, разбамбілі Драмтэатар знутры, хаваліся па вуліцы Кранштацкай, у садках хаваліся, разбамбілі радзільню, падчас таго як там праходзілі апэрацыі. Было вельмі страшна», — кажа Ўсьцінава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі дапамагалі, але маральна нам было цяжка тут застацца». Як украінскія ўцекачы трапляюць у Беларусь і зьяжджаюць адтуль у іншыя краіны

З самой уцякачкай журналістам пагаварыць не ўдалося. Блізкія жанчыны расказалі выданьню, што яна эвакуавалася з абложанага Марыюпалю 20 сакавіка, а затым зьнікла. 23 сакавіка Ўсьцінава змагла напісаць бабулі, што зь ёй усё ў парадку, а свабодна пагаварыць са сваякамі ёй удалося толькі вечарам 28 сакавіка — праз восем дзён пасьля таго, як яна пакінула Марыюпаль.

«Яна рэальна была напалоханая і ўвесь час плакала, я не магу нічога сказаць, [ці праўда тое, што яна кажа]. Мы толкам пра ўсё яшчэ не гаварылі ў падрабязнасьцях. [Сілавікі] шмат задавалі пытаньняў, я думаю, любы чалавек спалохаўся б, асабліва такая дзяўчына, як яна, якая толькі нядаўна выйшла з падвала. Яна не разумела, чаму яе ў нечым падазраюць. Але яе ня крыўдзілі, добра кармілі», — расказала «Мэдыязоне» сястра бежанкі.

Крыніца выданьня, якая даслала ліст зь відэа ад ФСБ, чула, што падобных рассылак з удзелам розных уцекачоў было некалькі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
  • У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.