Дарадца Пуціна: Украіна пагадзілася з «прынцыповымі патрабаваньнямі» Расеі

Уладзімір Мядзінскі
Уладзімір Мядзінскі

На перамовах у Стамбуле 29 сакавіка Ўкраіна «па сутнасьці» пагадзілася з «прынцыповымі патрабаваньнямі» Расеі. Пра гэта заявіў 30 сакавіка кіраўнік расейскай дэлегацыі на перамовах аб міры, памочнік прэзыдэнта Расеі Ўладзімір Мядзінскі.

Паводле слоў Мядзінскага, украінскі бок упершыню заявіў аб гатоўнасьці дамаўляцца з Расеяй. У прапанаваных Масквою прынцыпах мірнага ўрэгуляваньня, у прыватнасьці, значыцца адмова ад уступленьня ў NATO, разьмяшчэньня замежных вайсковых баз і вайсковых кантынгентаў, а таксама ад правядзеньня вайсковых вучэньняў бяз згоды дзяржаў-гарантаў, уключаючы Расею.

«Калі ўсе гэтыя абавязаньні будуць выкананыя, то пагроза стварэньня на ўкраінскай тэрыторыі натаўскага пляцдарму будзе ліквідаваная», — заявіў Мядзінскі. Ён адзначыў, што паміж бакамі застаюцца рознагалосьсі, у прыватнасьці, у пытаньні Крыму і Данбасу.

  • Хоць Мядзінскі сьцьвярджае, што ўкраінскія прапановы задавальняюць патрабаваньні Расеі, самі гэтыя патрабаваньні раней былі сфармуляваныя інакш. Перад пачаткам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну прэзыдэнт Уладзімір Пуцін назваў яго мэтамі «дэмілітарызацыю» і «дэнацыфікацыю» Ўкраіны, а таксама прызнаньне ёю анэксіі Крыму і незалежнасьці так званых «народных рэспублік» Данбасу. Сярод перададзеных у Стамбуле ўкраінскіх прапаноў няма ні дэмілітарызацыі (нэўтральны статус ёй не раўназначны), ні «дэнацыфікацыі», а ад тэрыторый Украіна адмаўляцца ня мае намеру, прапаноўваючы толькі зафіксаваць статус-кво ў Крыме на 15 гадоў і весьці тым часам перамовы аб яго далейшым лёсе — што раней Масква называла непрымальным.

Уладзімір Пуцін пакуль не камэнтаваў украінскія прапановы.

Чальцы ўкраінскай дэлегацыі і прэзыдэнт краіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы вынікі раўнду перамоваў у Стамбуле, зрабілі акцэнт на тым, што Ўкраіна — у выпадку прыняцьця яе прапаноў — атрымае гарантыі бясьпекі, у тым ліку ў выпадку збройнага нападу на яе. Таксама яны падкрэсьлілі, што Ўкраіна не адмаўляецца ад тэрыторый, і заявілі, што падпісаньне любых пагадненьняў магчымае толькі пасьля адводу расейскіх войскаў на пазыцыі па стане на 23 лютага.

Калі адбудзецца новы раўнд перамоваў — незразумела. Баявыя дзеяньні ва Ўкраіне працягваюцца.

​
XS
SM
MD
LG