Міністэрства абароны Ўкраіны заявіла пра зьбіцьцё 2 расейскіх ракет, запушчаных на Львоў зь Беларусі

Львоў

Акрамя таго, падразьдзяленьні зэнітна-ракетных войскаў Украіны зьнішчылі два бесьпілётныя лятучыя апараты апэратыўна-тактычнага ўзроўню.

Украінскія вайскоўцы ўвечары 28 сакавіка зьбілі каля Львова дзьве ракеты, запушчаныя расейскімі войскамі з тэрыторыі Беларусі, паведаміла Міністэрства абароны Ўкраіны з спасылкай на паветранае камандаваньне «Захад».

«У канцы содняў 28 сакавіка з тэрыторыі Рэспублікі Беларусі зьнішчальнік акупантаў выпусьціў дзьве ракеты тыпу „Х“, якія рухаліся ў кірунку Львова. Службамі радыётэхнічных войскаў цэлі былі своечасова знойдзеныя і зьнішчаныя зэнітнымі ракетнымі войскамі на адлегласьці каля 30 км да абласнога цэнтру», — гаворыцца ў паведамленьні.

У міністэрстве дадалі, што, акрамя таго, падразьдзяленьні зэнітна-ракетных войскаў Украіны зьнішчылі два бесьпілётныя лятучыя апараты апэратыўна-тактычнага ўзроўню.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Першы ракетны напад на Львоў; людзі застаюцца ў падвале разбомбленага тэатру ў Марыюпалі. 23-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

Увечары 26 сакавіка старшыня Львоўскай вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што расейскія войскі нанесьлі ўдары па двух аб’ектах Львова — нафтабазе і заводзе. Улады Львова таксама паведамілі аб пяці пацярпелых і сур’ёзных пашкоджаньнях абʼектаў інфраструктуры.

Пазьней Казіцкі паведаміў, што нафтабаза ў Львове зьнішчаная гэтым ударам.
Ва Ўзброеных Сілах Украіны дадалі, што па Львове тады выпусьцілі шэсьць ракет.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Амэрыканскі актор і рэжысэр Шон Пэн будзе дапамагаць перасяленцам у Львоўскай вобласьці