Сьцісла:
- Спыненьне вайны для ўкраінскага кіраўніцтва ёсьць несумненным прыярытэтам, дзеля якога можна ахвяраваць шмат чым.
- Для Кіева вяртаньне Лукашэнкам кантролю над краінай было б пазытыўным крокам, які даваў бы шанец вывесьці Беларусь з вайны.
- У папроках на адрас Украіны падсьвядома праглядаецца перабольшаны спадзеў на нейкія вонкавыя сілы, нібыта чымсьці абавязаныя беларускай дэмакратыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Расея, Украіна і Беларусь — тры бакі канфлікту». Што Зяленскі казаў з пачатку вайны пра Беларусь і ЛукашэнкуРазважаючы пра пачатак расейска-украінскіх перамоваў на тэрыторыі Беларусі, Уладзімір Зяленскі заявіў: «Расейскі бок адчувае перамогу ў тым, што гэтая сустрэча адбылася, што гэта дадае нейкую суб’ектнасць Аляксандру Рыгоравічу Лукашэнку... Ды на здароўе. Калі мы можам скончыць вайну, а Аляксандр Рыгоравіч будзе адчуваць ад гэтага, што ён зноў у доме гаспадар — ды на здароўе. Мне, шчыра кажучы, усё роўна. Гэта ўвогуле выбар беларусаў, а дакладна ня наш. Таму я пагадзіўся, калі будзе прадметная ў іх сустрэча».
Праз што распаліліся жарсьці?
Беларускі сюжэт з інтэрвію прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага расейскім мэдыя 27 сакавіка выклікаў бурлівую дыскусію у сацыяльных сетках.
Тое, што для Зяленскага несумненым прыярытэтам, галоўнай праблемай сёньня ёсьць спыненьне вайны, здаецца, павінна быць зразумела. Усё астатняе цяпер няважна і адступае на другі плян. Вайна робіць сытуацыю чорна-белай, спрашчае многія нюансы і адценьні. Дзеля яе спыненьня Зяленскі размаўляў з Лукашэнкам, якога Ўкраіна афіцыйна не прызнае прэзыдэнтам, пагадзіўся, каб перамовы з РФ ішлі на беларускай тэрыторыі, хоць, паводле міжнароднага права, Беларусь ёсьць агрэсарам. Цяпер украінскага прэзыдэнта менш за ўсё хвалюе, як ён выглядае ў вачах беларускіх дэмакратаў. Не да таго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі даў першае з пачатку вайны інтэрвію расейскім СМІ. Расейскія ўлады патрабуюць устрымацца ад публікацыіНайбольшае абурэньне палітызаванай публікі выклікала тое, што Зяленскі згодны, каб Лукашэнка быў гаспадаром у Беларусі. Але ж тут варта разумець кантэкст. Разважаючы пра суб’ектнасьць Лукашэнкі, Зяленскі мае на ўвазе суб’ектнасьць Беларусі як дзяржавы. Бо сярод палітычнай клясы Ўкраіны дамінуе ўпэўненасьць, што такой суб’ектнасьці няма, гаспадаром Беларусі зьяўляецца Пуцін, які выкарыстоўвае яе дзеля нападу на ўкраінскую тэрыторыю. Таму для Кіева вяртаньне Лукашэнкам кантролю над краінай было б пазытыўным крокам, які даваў бы шанец вывесьці Беларусі з вайны. То бок Зяленскі будуе сваю тактыку, зыходзячы з рэальнай сытуацыі (Лукашэнка трымае ўладу), а не з ідэальнай (перамога дэмакратычных сілаў і разрыў саюзу Беларусі з Расеяй).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Новая газета» і «Коммерсант» не апублікавалі ўзятага імі напярэдадні інтэрвію зь Зяленскім на сваіх сайтахТут можна спрачацца наконт матывацыі Масквы праводзіць перамовы ў Беларусі. Маўляў, з гледзішча Крамля гэта дадае лукашэнкаўскай Беларусі нейкую суб’ектнасць. Але навошта Расеі падвышаць статус васала? Зрэшты, гэта дробязь.
Публіка таксама абураная, што панаваньне Лукашэнкі Зяленскі лічыць выбарам беларусаў. Зноў жа гэта варта чытаць не літаральна, а ў межах кантэксту. А ён такі, што менавіта беларусы (а не расейцы, украінцы ці яшчэ нехта) павінны вырашаць, якой быць уладзе ў іхнай краіне.
Асаблівыя папрокі на адрас Украіны гучаць з нагоды таго, што калі б Кіеў у 2020 годзе падтрымаў беларускія дэмакратычныя сілы, спыніў гандаль з Беларусьсю, то рэжым Лукашэнкі рухнуў бы з усімі пазытыўнымі для ўкраінцаў наступствамі.
Але, па-першае, тут ускосна, падсьвядома праглядаецца спроба ўнікнуць сваёй уласнай адказнасьці за лёс краіны, перабольшаны спадзеў на нейкія вонкавыя сілы, нібыта чымсьці абавязаныя беларускай дэмакратыі.
Па-другое, нагадаю, Украіна не прызнала Лукашэнку прэзыдэнтам, дала прытулак беларускім палітычным уцекачам, увяла пэрсанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў, адказных за рэпрэсіі, закрыла сваю паветраную прастору для кампаніі «Белавія».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Расейцы пакінулі Славуціч, абстрэлы Чарнігава і Харкава. 33-і дзень вайны Расеі супраць УкраіныПа-трэцяе, галоўны папрок на адрас Украіны палягае ў тым, што яна працягвала гандаль зь Беларусьсю, не спыніла яго на шкоду сабе. Але з чаго вынікае, што спыненьне гандлю абрынула б рэжым Лукашэнкі? Хачу нагадаць, дарэчы, што ў 2021 годзе экспарт Беларусі ў краіны ЭЗ вырас прыкладна ўдвая, у ЗША — утрая. Гэта пасьля ўводу эканамічных санкцыяў.
Увогуле варта адзначыць, што ў палітычных ацэнках спрашчэньне сытуацыі часта вядзе да пасьпешлівых высноваў.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.