У Расеі стартуе замена заблякаванаму Instagram

Ілюстрацыйнае фота

З 28 сакавіка ў Расеі пачынае працаваць новая расейская сацыяльная сетка Rossgram.

Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт праекту.

Адзначаецца, што ад сёньня сацыяльная сетка будзе даступная партнэрам — сродкам інфармацыі, спонсарам, інвэстарам, а затым пашырыць сваю працу для блогераў і звычайных карыстальнікаў.

У апісаньні ўдакладняюць, што ў Rossgram прадугледжаныя «ўсе магчымасьці для зносін, бізнэсу, вядзеньня блога, публікацыі навін або стварэньня ўласнага праекту». Праграма будзе працаваць на базе iOS і Android.

Раней паведамлялі, што аўтарам Rossgram быў інтэрнэт-маркетоляг Аляксандар Зубаў, які называе сябе аднакурсьнікам аўтара Telegram Паўла Дурава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы пакінулі Славуціч, абстрэлы Чарнігава і Харкава. 33-і дзень вайны Расеі супраць Украіны

Пра хуткі запуск новай сацыяльнай сеткі абвясьцілі 14 сакавіка, калі расейскія ўлады заблякавалі Instagram.

Раней Цьвярскі раённы суд Масквы задаволіў пазоў Генэральнай пракуратуры і Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі аб прызнаньні экстрэмісцкай арганізацыяй амэрыканскае кампаніі Meta, матчынай кампаніі Facebook, Instagram і WhatsApp (забарона Генпракуратуры ня тычыцца карыстаньня гэтым мэсэнджарам).

Аднак выкарыстаньне Фэйсбуку і Інстаграму грамадзянамі Расеі — не правапарушэньне, нягледзячы на прызнаньне іх уладальнікаў экстрэмісцкай арганізацыяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Расеі суд прызнаў амэрыканскую кампанію Meta экстрэмісцкай арганізацыяй