Кіраўнік Валынскай абласной дзяржадміністрацыі: Луцк абстралялі ракетамі з тэрыторыі Беларусі

Запуск ракет на расейска-беларускіх вучэньнях у лютым 2022

Крылатая ракета, якая 27 сакавіка пацэліла ў нафтабазу ў Луцку, прыляцела з боку Беларусі, кажуць украінскія вайскоўцы.

Пра гэта паведаміў у відэазвароце кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юрый Пагуляйка.

«Паводле папярэдніх дадзеных, ахвяраў няма. Паводле інфармацыі вайскоўцаў, ракета была выпушчаная з боку Рэспублікі Беларусь», — сказаў Пагуляйка.

Луцк знаходзіцца за 150 кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Туды прыляталі ракеты і ў папярэднія дні. 27 сакавіка ракета трапіла ў мясцовую нафтабазу. Мясцовыя ўлады паведамілі, што істотных разбурэньняў няма, як няма і ахвяр.

Улады Беларусі пакуль ніяк не камэнтуюць словы кіраўніка Валынскай абласной дзяржадміністрацыі. Раней неаднаразова рэгістраваліся вылеты ракет і самалётаў ва Ўкраіну з тэрыторыі Беларусі. За саўдзел у вайне, а менавіта прадастаўленьне сваёй тэрыторыі для прасоўваньня расейскіх сухапутных войскаў і вылету авіяцыі і ракет на Рэспубліку Беларусь наклалі шэраг санкцый, з краіны ўжо сышоў шэраг кампаній.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кожная гадзіна вайны ва Ўкраіне прыносіць 20 новых ахвяр. Галоўныя лічбы і факты першага месяца расейскага ўварваньня

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Каму цяпер служыць беларускае войска