Вывозілі з Гастомеля ў Беларусь
«Па Гастомелі нам яшчэ давядзецца вельмі доўга разьбірацца, бо там дагэтуль ёсьць, паводле нашых зьвестках, людзі, якіх не выпускаюць, і ў нас няма да іх доступу. Мы ня ведаем, якую колькасьць вывезьлі ў Беларусь і не разумеем, чаму гэта зрабілі. У нас была інфармацыя, што іх грузілі ў аўтобусы і вывозілі ў Беларусь», — сказаў Аляксей Кулеба.
Паводле Кулебы, прававы статус гэтай працэдуры незразумелы, бо невядома, ці забіралі ў людзей дакумэнты і ці пыталіся згоды.
«Тое, што застаецца пасьля арды — гэта гора і сьлёзы. Гэта няшчасьце людзей», — дадаў ён.
Вывозілі з Марыюпаля ў Расею
Марыюпальская гарадзкая рада і амбудсмэн Украіны Людміла Дзянісава заяўлялі, што аналягічную прымусовую эвакуацыю расейцы ажыцьцяўлялі ў шэрагу іншых захопленых рэгіёнах Украіны.
Вядома прынамсі аб прымусовым вывазе больш як тысячы жыхароў Марыюпалю, пераважна дзяцей і жанчын. Іх вывозілі спачатку ў фільтрацыйныя лягеры на тэрыторыю Расеі, там правяралі іхныя тэлефоны, забіралі дакумэнты, а пасьля праверкі адпраўлялі ў аддаленыя расейскія рэгіёны.
«Тое, што сёньня робяць акупанты, знаёма старэйшаму пакаленьню, якое прайшло праз жахлівыя падзеі Другой усясьветнай вайны, калі нацысты гвалтоўна захоплівалі людзей і вывозілі іх у іншую краіну», — заяўляў мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка.
Амбудсмэн Украіны Людміла Дзянісава назвала такія дзеяньні Расеі масавымі:
«У населеных пунктах, у якія заходзяць расейскія войскі, для жыхароў арганізоўваюць так званыя „гуманітарныя калідоры“ для вывазу ў краіну-агрэсарку. Жанчын, дзяцей, старых людзей абшукваюць, забіраюць украінскія дакумэнты, тэлефоны — і адпраўляюць у памежныя вобласьці Расеі. Там іх разьмяшчаюць у канцэнтрацыйных лягерах з далейшым перамяшчэньнем у дэпрэсіўныя рэгіёны Расеі на пасяленьне», — заявіла яна.
Кіеў: гэта выкраданьне людзей
Паводле Людмілы Дзянісавай, вядома аб арганізацыі такіх «гуманітарных калідораў» у Луганскай, Данецкай, Харкаўскай, Чарнігаўскай і Сумскай абласьцях.
Украінскія ўлады ня могуць ацаніць агульную колькасьць прымусова вывезеных украінцаў.
Вядома, што Офіс генэральнага пракурора пачаў дасудовае расьсьледаваньне па факце незаконнага вывазу 2 389 дзяцей з акупаваных тэрыторый Данецкай і Луганскай абласьцей.
«Такія дзеяньні дзяржавы-агрэсаркі кваліфікуюцца як выкраданьне людзей, што зьяўляецца ваенным злачынствам і прамым парушэньнем артыкулаў 3 і 34 Жэнэўскай канвэнцыі аб абароне цывільнага насельніцтва, артыкулу 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і артыкулу 5 Эўрапейскай канвэнцыі правоў чалавека», — паведаміла Людміла Дзянісава.
Амбудсмэн Украіны заклікала міжнародных партнэраў улічыць гэтую тэрарыстычную дзейнасьць Расеі і павялічыць на яе санкцыйны ціск.
23 сакавіка Свабода пагутарыла з украінкай, якая трапіла з Гастомеля пад Гомель.
Беларускі Чырвоны Крыж штодня дае справаздачы пра дапамогу ўкраінскім уцекачам. Паводле арганізацыі, па стане на 22 сакавіка яны аказалі дапамогу 626 украінцам. 437 чалавек нібыта пасялілі ў санаторыі пад Гомлем.
Паводле ААН, у Беларусь пасьля нападу Расеі на Ўкраіну выехалі 4 938 украінцаў, а ў Расею — 271 254.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Кадыраўцы нам сказалі: «Прыйдуць расейцы, вам будзе хана». Як украінку з Гастомеля прымусова прывезьлі ў БеларусьВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.