Контратакі пад Кіевам, напад на расейскі карабель у Бярдзянску, 4,3 мільёна дзяцей-уцекачоў. 29-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Выбух у Бярдзянскім порце, у выніку якога расейскі вялікі дэсантны карабель «Орск» быў зьнішчаны.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 3 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскімі ракетамі і бомбамі разбураны аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Паводле UNICEF, за месяц вайны ва Ўкраіне больш за 4,3 мільёна ўкраінскіх дзяцей (больш за палову дзіцячага насельніцтва краіны) сталі ўцекачамі. 1,8 мільёна дзяцей пераехалі ў іншыя краіны, 2,5 мільёна дзяцей мусілі перасяліцца ўнутры краіны.
  • Украіна ўзмацняе ціск на расейскія войскі на паўночным усходзе ад Кіева і ў жытомірскім кірунку.
  • У Кіеве з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі пацярпелі 87 дамоў, 10 прыватных сядзіб, 12 школ і 6 дзіцячых садкоў.
  • Вайскова-марскія сілы Ўкраіны заявілі пра ўдар па расейскім вайсковым караблі. Вялікі дэсантны карабель «Орск» у выніку зьнішчаны.
  • Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 3,6 млн чалавек.
  • Расейскія войскі разрабавалі і зьнішчылі найноўшую цэнтральную аналітычную лябараторыю ў Чарнобылі.
  • У Краматорску расейцы выкарысталі забароненыя фосфарныя боепрыпасы.
  • Расейцы зьнішчылі мост, які злучаў аточаны Чарнігаў з Кіевам.
  • Пэнтагон: з 24 лютага каля 1100 ракет розных клясаў былі выпушчаныя Ўзброенымі сіламі РФ па аб’ектах ва Ўкраіне.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 24 сакавіка

Расейцы штурмуюць горад Славуціч

Украінская кампанія «Енергоатом» паведаміла, што расейскія войскі пачалі штурм Славуціча — гораду-спадарожніка закрытай Чарнобыльскай АЭС:

«Расейскія войскі спрабуюць узяць горад штурмам, ідзе абстрэл украінскіх блёк-пастоў з боку захопнікаў. Ёсьць чарговая пагроза артылерыйскага абстрэлу.

У Харкаве абстралялі чаргу па гуманітарную дапамогу. 6 загінулі, 15 атрымалі раненьні

Кіраўнік Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што расейцы абстралялі мясцовых жыхароў, якія прыйшлі на пункт выдачы гуманітарнай дапамогі. «У раёне вуліцы Акадэміка Паўлава расейцы са зброі далёкага дзеяньня абстралялі пункт «Новай пошты», каля якога жыхары Харкава атрымлівалі гуманітарную дапамогу.

Папярэдне вядома, што загінулі 6 мясцовых жыхароў, яшчэ 15 — параненыя», — паведаміў Алег Сінягубаў. Паводле яго, параненых шпіталізавалі. Агульная колькасьць ахвяр удакладняецца: «Гэта чарговае ваеннае злачынства расейскіх акупантаў».

Расея атакуе Луганскую вобласьць фосфарнымі бомбамі, абласная ўлада

Кіраўнік Луганскай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай заявіў, што ў ноч на 24 сакавіка расейскія войскі нанесьлі ракетныя ўдары па шасьці населеных пунктах рэгіёну: Севераданецку, Лісічанску, Рубежным, Крамянной, Навадружаску і Ваяводаўцы. Папярэдне вядома, што загінулі 4 чалавекі, у тым ліку 2 дзяцей, і 6 атрымалі раненьні.

«На Рубежнае авіяцыя Расеі пачала скідаць фосфарныя бомбы. Таму, на жаль, колькасьць ахвяр можа быць значна большая», — паведаміў Сяргей Гайдай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

New York Times: расейцы загадвалі накрыць Макараў артылерыйскім агнём

Ад пачатку агрэсіі Расеі ва Ўкраіне загінулі 128 дзяцей

Найбольш дзяцей пацярпелі ў Кіеўскай, Харкаўскай, Данецкай, Чарнігаўскай, Мікалаеўскай, Жытомірскай, Херсонскай, Сумскай абласьцях і ў Кіеве.
Ад абстрэлаў і бамбаваньня пацярпелі 566 школ, 73 зь іх цалкам зьнішчаныя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Грузілі ў аўтобусы і вывозілі». Улады Ўкраіны расказалі аб прымусовай эвакуацыі ўкраінцаў у Беларусь і Расею

Большасьць пажараў у Чарнобыльскай зоне зьліквідавалі

Выканаўца абавязкаў міністра аховы навакольнага асяродзьдзя і прыродных рэсурсаў Руслан Стралец расказаў пра ліквідацыю пажараў у маратоне ўкраінскіх тэлеканалаў.

«За апошнія два тыдні зафіксавана больш за 30 пажараў. За апошні тыдзень зафіксавалі яшчэ 5 пажараў. На сёньня большасьць з гэтых пажараў лякалізаваныя. Застаюцца невялікія ўчасткі, дзе працягваецца гарэньне», — сказаў Стралец.

Спасылаючыся на выснову навукоўцаў, ён адзначыў, што цяпер пагрозы жыцьцю і здароўю ўкраінцаў няма, бо канцэнтрацыя цэзію ў паветры не перавышае гранічна дапушчальных нормаў. Чарнобыльская АЭС застаецца пад кантролем расейскіх войскаў, якія захапілі яе на самым пачатку вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

За 50 кілямэтраў ад Кіева ідуць моцныя баі, украінцы атакуюць расейскія войскі

Украіна ўзмацняе ціск на расейскія войскі на паўночны ўсход ад Кіева

Праблемы расейцаў — найперш з забесьпячэньнем і маральным духам. Пра гэта паведамілі ў брытанскай выведцы, апісваючы сытуацыю адносна расейскага ўварваньня па стане на 23 сакавіка. У выведцы падкрэсьлілі, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны пасьпяхова контратакуюць расейскія пазыцыі ў гарадах у навакольлях сталіцы і, імаверна, вярнулі сабе Макараў і Машчун.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Брытанская выведка: украінскія войскі пасьпяхова контратакуюць пад Кіевам

Уцекачы ад вайны

Колькасьць уцекачоў з Украіны працягвае расьці. Новыя абстрэлы і бамбаваньні спрычыніліся да таго, што яшчэ некалькі сотняў тысяч украінцаў пакінулі радзіму на няпэўны час. Агульная колькасьць уцекачоў з 24 лютага, паводле статыстыкі ААН, — 3 674 952 чалавекі.

Пераважна ўкраінцы адпраўляюцца ў Польшчу, а таксама ў Малдову, Румынію, Славаччыну, Вугоршчыну і іншыя краіны. Акрамя таго, ёсьць зьвесткі, што з акружанага Марыюпалю людзей прымусова вывозяць у Расею. Нязначная частка ўкраінцаў уцякла ад вайны ў Беларусь.

Што адбываецца ў Расеі

Міжнародная хакерская група Anonymous узламала Цэнтрабанк Расеі

Пра гэта хакеры паведамілі ў Twitter. Зазначаецца, што на працягу 48 гадзін будзе апублікавана больш за 35 тысяч файлаў з сакрэтнымі пагадненьнямі ЦБ РФ. Акрамя таго, хакеры ўзламалі сайты некалькіх кампаній, якія працягваюць працаваць у Расеі, нягледзячы на вайну. Гэта Auchan, Decathlon і Leroy Merlin.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памочнік Пуціна пра вайну ва Ўкраіне: «На коне сёньня само існаваньне Расеі»

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

З 24 сакавіка сэрвіс грашовых пераводаў Western Union недаступны для беларусаў

Прычына — у заходніх санкцыях за вайну супраць Украіны. Цяпер можна атрымаць толькі грошы, адпраўленыя з-за мяжы да 21 сакавіка. Ад сёньняшняга дня немагчыма адправіць грошы ні ў Беларусь, ні зь яе. Аналягічная сытуацыя і ў Расеі.

Генштаб Украіны: Беларусь працягвае назапашваць на мяжы сілу і вайсковую тэхніку

Генэральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што па беларускай тэрыторыі працягваецца актыўнае перамяшчэньне расейскай і беларускай вайсковай тэхнікі. Са спасылкай на наяўную інфармацыю Генштаб паведаміў, што тэхніка зьбіраецца ўздоўж мяжы Беларусі з Украінай.

«Варожая авіяцыя працягвае ракетна-бомбавымі ўдарамі зьнішчаць аб’екты інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны ў Кіеўскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях. Пры гэтым акупанты працягваюць актыўна выкарыстоўваць аэрадромную сетку Рэспублікі Беларусь».

Украінскі Генштаб сьцьвярджае, што вайскова-палітычнае кіраўніцтва РФ «ажыцьцяўляе агрэсіўную прапагандысцкую дзейнасьць, накіраваную на вайскоўцаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь, аб неабходнасьці ваеннага ўварваньня на тэрыторыю Ўкраіны».

Як рэагуе сьвет

Брытанія перадасьць Украіне яшчэ 6000 ракет

На экстранай сустрэчы лідэраў краін NATO і «Вялікай сямёркі», якая адбудзецца ў Брусэлі ў чацьвер, Борыс Джонсан абвесьціць пра перадачу ўкраінскай арміі яшчэ шасьці тысяч ракет, паведамляе ВВС. Акрамя таго, брытанскі прэм’ер мае намер выдзеліць 25 млн фунтаў (33 млн даляраў) на плату ўкраінскім салдатам і лётчыкам.

Сусьветная служба BBC атрымае ад брытанскага ўраду дадатковыя 4,1 млн фунтаў на падтрымку ўкраінскай і расейскай моўных службаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Я ня думаў, што NATO баіцца». Зяленскі заклікаў альянс даць Украіне 1 працэнт яго самалётаў і танкаў

Пратэст Баўгарыі і Польшчы

Баўгарыя адклікае свайго амбасадара з Масквы для кансультацый, пра гэта паведамляе Vesti.bg, спасылаючыся на прэм'ер-міністра краіны Кірыла Петкава.Польшча заблякавала банкаўскія рахункі расейскай амбасады. Падставай названае «фінансаваньне тэрарызму», паведаміў амбасадар Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вялікая Брытанія пашырыла санкцыйны сьпіс па Беларусі і Расеі за агрэсію ва Ўкраіне

Замарозка расейскіх актываў за мяжой

Італія, Нідэрлянды і Польшча замарозілі актывы расейскіх алігархаў на сотні мільёнаў эўра праз вайну ва Ўкраіне

Італія замарозіла актывы на суму $880 млн (€800 млн). Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Італіі Марыё Драгі, выступаючы ў ніжняй палаце парлямэнту.

Нідэрлянды замарозілі каля $431 млн (€392 млн) расейскіх актываў. Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што арышты актываў працягнуцца.

Польшча замарозіла на рахунках на сваёй тэрыторыі каля $33 млн (140 млн злотых). Пра гэта сказаў прэс-сакратар ураду Пётр Мюлер.

Раней Францыя замарозіла сродкі Цэнтрабанку Расеі на суму €22 млрд, а таксама рахункі і нерухомасьць прыватных асобаў, якія падпалі пад санкцыі, на суму €850 млн эўра.

Сэйм Польшчы прызнаў Пуціна ваенным злачынцам

У ніжняй палаце польскага парлямэнту заявілі, што доказы злачынстваў дазваляюць афіцыйна называць кіраўніка Расеі злачынцам.

«Публічна даступныя доказы абумоўліваюць тое, што Ўладзімір Пуцін ужо сёньня прызнаецца Сэймам Рэспублікі Польшча і міжнароднай супольнасьцю ваенным злачынцам», — напісана ў Рэзалюцыі аб ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці і парушэньні правоў чалавека Расеяй у вайне супраць Украіны.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.