Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я ня думаў, што NATO баіцца». Зяленскі заклікаў альянс даць Украіне 1 працэнт яго самалётаў і танкаў

Уладзімер Зяленскі. Кіеў, 24 сакавіка
Уладзімер Зяленскі. Кіеў, 24 сакавіка

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заклікаў Паўночнаатлянтычны альянс разгледзець і паскорыць выдзяленьне Ўкраіне танкаў і самалётаў для больш эфэктыўнай абароны цывільнага насельніцтва ў вайне з Расеяй.

«Украіне патрэбна вайсковая дапамога — без абмежаваньняў. Як без абмежаваньняў Расея выкарыстоўвае супраць нас увесь свой арсэнал. Зьнішчае ўсё жывое. Любыя аб’екты — ад дамоў да цэркваў, ад харчовых складоў да ўнівэрсытэтаў, ад мастоў да шпіталяў», — заявіў Уладзімір Зяленскі ў часе выступу на саміце NATO у фармаце відэасувязі.

Прэзыдэнт Украіны дадаў, што на пачатку расейскай агрэсіі ён зьвярнуўся з просьбай зрабіць над Украінай беспалётную зону, а таксама аб перадачы танкаў і самалётаў.

«Украіна зьвярталася да вас па самалёты, каб мы ня страчвалі столькі людзей. Вы маеце тысячы баявых самалётаў, але нам пакуль не далі ніводнага. Мы зьвярталіся па танкі, каб мы маглі разблякаваць нашы гарады, якія цяпер гінуць — Марыюпаль, Бярдзянск, Мелітопаль, іншыя. Гарады, у якіх Расея трымае ў закладніках сотні тысяч людзей і штучна стварае голад — ні вады, ні ежы, нічога», — паведаміў Зяленскі.

«Украіна прасіла адсотак, адзін адсотак ад усіх вашых танкаў! Дайце або прадайце нам. Але мы пакуль ня маем дакладнага адказу. Найстрашнейшае ў час вайны — ня мець дакладных адказаў на просьбы аб дапамозе», — падкрэсьліў прэзыдэнт Украіны.

Уладзімір Зяленскі дадаў, што Расея не зьбіраецца спыняцца на Ўкраіне і ўпэўнены, што ў NATO гэта ўжо разумеюць.

«Украінцы ніколі ня думалі, што Альянс і дзяржавы Альянсу — гэта рознае, што ў пытаньнях жыцьця і сьмерці вы асобна можаце быць сілай, а разам — не; што NATO можа баяцца дзеяньняў Расеі. Я ўпэўнены, што вы ўжо разумееце, што Расея ня мае намеру спыняцца на Ўкраіне. Ня думае і ня будзе. Яна хоча ісьці далей. Супраць усходніх чальцоў NATO, дзяржаў Балтыі, Польшчы — гэта дакладна. Ці перастане тады NATO думаць пра гэта, перажываць, як адрэагуе Расея?» — адзначыў Зяленскі.

Украінскі прэзыдэнт таксама заклікаў альянс больш ніколі не гаварыць пра тое, што армія Ўкраіны не адпавядае стандартам NATO:

«Мы паказалі, на што здольныя нашы стандарты. І як шмат мы можам даць агульнай бясьпецы ў Эўропе і сьвеце, як шмат мы можам зрабіць для абароны ад агрэсіі супраць усяго, што вы шануеце. Але NATO яшчэ належыць паказаць, што Альянс можа зрабіць для выратаваньня людзей. Паказаць, што гэта сапраўды найбольш магутнае абароннае аб’яднаньне ў сьвеце. І сьвет чакае. І Ўкраіна чакае. Чакае рэальных дзеяньняў. Рэальных гарантыяў бясьпекі», — заявіў Уладзімір Зяленскі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG