«Ваенную дактрыну Беларусі можна проста выкінуць». Якія нормы і законы парушыў Лукашэнка, калі дазволіў нападаць са сваёй тэрыторыі

Пратэст у Рыме супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне пры саўдзеле Беларусі. 24 лютага 2022

Чацьвёрты тыдзень працягваецца вайна Расеі і Ўкраіны. Доказаў таго, што беларускія вайскоўцы бяруць удзел у баявых дзеяньнях, няма. Аднак Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю расейскай арміі для ўварваньня на тэрыторыю паўднёвай суседкі, а таксама для ракетных удараў па Ўкраіне.

Якія міжнародныя і нацыянальныя нормы і законы парушыла беларускія ўлады, калі пайшла на такія крокі? Свабода спытала пра гэта юрыстаў.

«Саўдзел у злачынстве»

Супрацоўнік Брытанскага інстытуту міжнароднага і параўнальнага права, прафэсар Яраслаў Крывой найперш падкрэсьлівае, што дзеяньні Расеі зьяўляюцца парушэньнем міжнароднага права, парушэньнем Статуту ААН, паводле якога дзяржавы павінны ўстрымлівацца ад ужываньня сілы супраць іншых дзяржаваў, супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці і палітычнай незалежнасьці іншых краінаў.

«Там ёсьць толькі два выключэньні — самаабарона і ўжываньне сілы, ухваленае Радай Бясьпекі ААН. Тут не было ні таго, ні другога. Шмат хто гаворыць пра тое, што Расея робіць злачынства супраць чалавечнасьці сваімі дзеяньнямі, і гэта павінен вызначыць міжнародны суд ці трыбунал у будучыні», — кажа Крывой.

Юрыст падкрэсьлівае, што і ў міжнародным праве, і ў праве асобных дзяржаваў ёсьць паняцьце саўдзелу ў злачынстве.

«Гэта значыць, калі хтосьці робіць злачынства, а другі дапамагае, то абое за гэта адказваюць. Калі нейкі чалавек забівае іншага, а ягоны знаёмы даў для гэтага забойства нож, то абодвух прыцягнуць да адказнасьці.

Такі самы прынцып працуе і ў міжнародным праве. Ёсьць артыкулы, прынятыя камісіяй міжнароднага права ААН, дзе прапісана, што калі дзяржава дапамагае іншай дзяржаве зьдзяйсьняць міжнародныя злачынствы, то абедзьве будуць несьці адказнасьць за гэта».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лідэры Эўропы ў Вэрсалі: «Расея і яе саўдзельніца Беларусь нясуць поўную адказнасьць за гэтую агрэсіўную вайну»

«Аўстрыя не плаціла рэпарацыі»

Галоўнымі наступствамі такіх дзеяньняў зьяўляецца выплата рэпарацый пацярпеламу боку за матэрыяльныя і маральныя страты.

«Прынцып такі, што адказныя за злачынства дзяржавы павінны цалкам кампэнсаваць страты, якія былі вынікам супрацьпраўнага акту. Адказных за злачынства павінен вызначыць міжнародны суд, напрыклад суд ААН ці адмысловы трыбунал. Калі міжнародны суд вызначыць, што Беларусь дапамагала агрэсару лягістычна, прадаставіла тэрыторыю; магчыма, давала нейкую інфармацыю, прапускала праз свае памежныя пункты, то яна будзе несьці адказнасьць».

Хуткім такое рашэньне быць ня можа. Для адпаведнага рашэньня суду могуць спатрэбіцца гады. Як прыклад прыводзяцца Міжнародны трыбунал па былой Югаславіі, а таксама славуты Нюрнбэрскі працэс.

Пры гэтым Яраслаў Крывой прыводзіць паралель з гісторыі.

«Я спраўдзіў нядаўна, ці плаціла Аўстрыя рэпарацыі пасьля Другой сусьветнай вайны — аказваецца, што не, не плаціла. Яна лічылася таксама ахвярай агрэсіі. Хаця Гітлер у Аўстрыі быў вельмі папулярным, у адрозьненьне ад сытуацыі ў Беларусі, дзе Лукашэнка ўжо даўно страціў сваю легітымнасьць і папулярнасьць, што пацьвердзілі выбары 2020 году», — падсумоўвае адмысловец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЭЗ ухваліў чацьвёрты пакет санкцый супраць Расеі і вырашыў прыпыніць уступленьне Беларусі ў СГА

«Міжнароднае права — гэта дамовы, дамовы і нічога, апроч дамоваў»

Іншы вядомы юрыст на ўмовах ананімнасьці таксама пагадзіўся паразважаць на гэтую тэму. Ён падкрэсьлівае, што ваенны канфлікт знаходзіцца ў падпарадкаваньні міжнароднага права.

«Тым ня менш у міжнародным праве няма нарматыўна-прававых актаў, што адрозьнівае яго ад нацыянальнага. Міжнароднае права — гэта дамовы між дзяржавамі, якія былі заключаныя двухбакова ці шматбакова. Нават Статут ААН, які ёсьць фундамэнтам сучаснага сьветапарадку і права, у сваёй сутнасьці ўсяго толькі яшчэ адна міжнародная дамова. Таксама на дамовах заснаваныя і міжнародныя суды, і квазісудовыя інстанцыі», — кажа юрыст.

У Беларусі існуе Дамова аб дружбе, добрасуседзтве і супрацоўніцтве з Украінай, якая набыла моц у 1997 годзе.

«У першым і другім артыкулах гэтага дакумэнту вядзецца пра тое, што бакі грунтуюць свае адносіны на ўзаемнай павазе, даверу і згодзе, кіруючыся пры гэтым прынцыпамі павагі да дзяржаўнага сувэрэнітэту, раўнапраўя і неўмяшаньня ва ўнутраныя справы адзін аднаго, непрымяненьня сілы ці пагрозы прымяненьня сілы».

Юрыст лічыць, што Беларусь, калі і не парушыла гэтую дамову, то прынамсі ня выканала яе нормаў.

«У нас кіраўнік дзяржавы прывык ставіцца да нацыянальнага права як да сваёй кішэннай цацкі, зь якой можна зрабіць што заўгодна. Але ў міжнародным праве ёсьць моманты, якія і працуюць на тое, каб людзі кшталту Лукашэнкі не гулялі з правамі, як ім хочацца. Нездарма Макрон тэлефанаваў Лукашэнку якраз па пытаньні разьмяшчэньня ў нашай краіне ядзернай зброі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сэнат ЗША аднагалосна вызнаў Пуціна ваенным злачынцам

«Рэзалюцыя ААН ня мае абавязковага значэньня»

Юрыст прыгадвае, што ў сацыяльных сетках цяпер часта цытуюць фармулёўку ваеннай «агрэсіі», закладзеную ў рэзалюцыі Генэральнай асамблеі ААН 1974 году, паводле якой Беларусь таксама можа лічыцца агрэсарам.

«Але рэзалюцыя ААН ня ёсьць міжнароднай дамовай! Рэзалюцый ААН вельмі шмат: то яны асуджаюць Ізраіль, то Палестыну, рэзалюцыі самыя разнастайныя, яны ніякага прававога абавязковага значэньня ня маюць. Так, гэта частка міжнароднага „мяккага права“, але яны носяць рэкамэндацыйны характар».

Спэцыяліст кажа, што міжнароднае права адрозьніваецца ад нацыянальнага тым, што там няма нейкай міжнароднай паліцыі, якая б займалася прыцягненьнем да адказнасьці агрэсара, як гэта бывае з банальным рабаўніком.

Калі дзяржавы-пераможцы пасьля Другой сусьветнай вайны засноўвалі ААН, была думка, што такой «міжнароднай паліцыяй» могуць стаць сілы Рады Бясьпекі ААН. Аднак задумка не была рэалізаваная ў такім выглядзе з прычыны палітычных супярэчнасьцяў паміж вялікімі дзяржавамі, пастаяннымі сябрамі Рады Бясьпекі, якія займелі права вэта (а ўсе астатнія краіны-ўдзельніцы з гэтым правам пагадзіліся, паставіўшы свой подпіс пад Статутам ААН).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«У дачку трапіў адзін аскепак, а сын быў у аскепках з ног да галавы». Як у Ірпяні загінула цэлая сям’я. ВІДЭА

«Любыя прававыя нормы непрыдатныя»

Суразмоўца Свабоды ўспамінае, што пры ўварваньні на тэрыторыю Ўкраіны зь беларускага боку было адступленьне ад нормаў дзейнай на той момант Канстытуцыі Беларусі, дзе прапісвалася імкненьне да нэўтралітэту.

У новапрынятай Канстытуцыі, рэфэрэндум аб якой адбываўся падчас ваенных дзеяньняў, прапісана, што «Рэспубліка Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі».

«Мы сутыкаемся з тым, што Лукашэнку хочуць дагадзіць, перапісваючы Канстытуцыю, каб яму падабалася фармулёўка, выкрэсьліваючы фразу аб імкненьні да нэўтралітэту, але справа ў тым, што любыя прававыя нормы для беларускай сыстэмы непрыдатныя. Мы бачым, што менавіта агрэсія і была ажыцьцёўлена з тэрыторыі Беларусі», — кажа адмысловец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пракурор суду, які расьсьледуе магчымыя ваенныя злачынствы, накіраваў Расеі запыт аб сустрэчы

«Калі зьменіцца палітычная сытуацыя, то артыкул можа запрацаваць»

У Крымінальным кодэксе Беларусі існуе артыкул 122 «Падрыхтоўка ці вядзеньне агрэсіўнай вайны», які прадугледжвае сьмяротнае пакараньне.

«Паняцьце „агрэсіўнай вайны“ тлумачыцца палітычна. „Мы адбіваліся ад вайны, мы ўдарылі прэвэнтыўна“, — звычайна так апраўдвае свае дзеяньні той бок, як пачаў вайну. Калі зьмяняецца палітычная сытуацыя, то тады артыкул 122 можа запрацаваць, але без палітычных фактараў ён ня будзе дзейным.

Аднак сам факт таго, што вядзеньне агрэсіўнай вайны зьяўляецца злачынствам паводле дзейнага крымінальным праве, можа стаць падставай для будучага крымінальнага перасьледу тых злачынцаў, што ўчынілі замах на мір і бясьпеку чалавецтва ўжо на нацыянальным узроўні, прыцягненьня нейкіх міжнародных квазісудовых інстанцыяў тут можа і не спатрэбіцца», — лічыць юрыст.

На яго думку, артыкул 122 важны ў палітычным вымярэньні — як дэклярацыя таго, што беларуская дзяржава не зьбіраецца пачынаць агрэсіўную вайну.

Таксама ў беларускім КК ёсьць разьдзел 18, дзе апісваюцца ваенныя злачынствы, парушэньні законаў і звычаяў вайны, парушэньні нормаў міжнароднага гуманітарнага права — яны таксама могуць быць падставай для пакараньня ваенных злачынцаў.

«Цікава, што там прапісаны парушэньні нормаў міжнароднага гуманітарнага права ў час „узброеных канфліктаў“. Так што для прыцягненьня да адказнасьці тых, хто бамбіць цывільнае насельніцтва, ужывае забароненыя сродкі вядзеньня вайны накшталт хімічнай і бактэрыялягічнай зброі, парушае замірэньні ці катуе палонных, ня мае значэньня, абвясьціў Пуцін фармальную вайну Ўкраіне ці не», — гаворыць юрыст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У G7 нагадалі Расеі аб адказнасьці за ваенныя злачынствы

«Прамое парушэньне ваеннай дактрыны»

Яшчэ адным важным пунктам суразмоўца называе парушэньне ваеннай дактрыны Беларусі.

«Яе цяпер можна проста выкінуць. Зафіксаваныя ў гэтым законе палажэньні пра тое, як Беларусь рэагуе на вонкавыя пагрозы, аказаліся дэвальваванымі. Падобна, што гэта была проста шырма (мы ж памятаем, як ставяцца цяперашнія ўлады да прававых нормаў як такіх). Дэкляраванае непрыняцьце агрэсіўнай вайны для Беларусі ўжо неактуальнае. Бо ў дактрыне ўпор робіцца на стрымліваньне агрэсіі, на абарону, а прэвэнтыўныя ўдары выключаныя. Абарона насельніцтва непрызнаных нават Беларусьсю „ЛНР“ і „ДНР“, на што спасылаецца Расея, у беларускую дактрыну не кладзецца і ня можа быць падставай для легітымных ваенных дзеяньняў з боку Беларусі. Мы назіраем прамое парушэньне закону „Аб ваеннай дактрыне“», — кажа спэцыяліст.

Ён працягвае, што неадпаведнасьці прававых нормаў вышэйшым нормам фіксуе Канстытуцыйны суд; калі яго рашэньня няма, то, адпаведна, няма і неадпаведнасьці.

«На жаль, пры цяперашняй сыстэме ў Беларусі ня дзейнічаюць прававыя і палітычныя інстытуты, якія маглі б прыцягнуць тут кагосьці да адказнасьці. Але ўсё можа зьмяніцца са зьменай палітычнага ладу».

Разам з тым, адзначае ён, ня трэба забывацца і на крымінальнае заканадаўства Ўкраіны, і крымінальнае заканадаўства іншых краін. Як думаецца, гэта цяпер найбольш імаверны фармат прыцягненьня да адказнасьці асобаў, якія зьдзяйсьняюць ваенныя злачынствы, — прынамсі, пакуль у Беларусі ня зьменіцца палітычны рэжым.

«Цяпер, як вядома, праваахоўныя органы Ўкраіны вялікую ўвагу ўдзяляюць фіксацыі і замацаваньню ў доказах тых злачынстваў, якія робяцца на тэрыторыі Ўкраіны — гэта сьведчыць пра намер намагацца пакараньня вінаватых, незалежна ад таго, які абарот прыме справа ў выніку нейкіх перамоваў», — падсумоўвае юрыст.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мне за сябе ня сорамна». Беларус, які дакумэнтаваў катаваньні пратэстоўцаў, цяпер фіксуе ваенныя злачынствы Расеі ва Ўкраіне

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.