Журналісты-расьсьледнікі знайшлі 145 актываў расейскіх чыноўнікаў і алігархаў у Эўропе на агульную суму 17,5 млрд даляраў.
Аб гэтым піша Цэнтар дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), які разам з 24 мэдыяпартнэрамі публікуе праект «Трэкер санкцыйных актываў».
На першым этапе свайго праекту журналісты выявілі ня менш за два дзясяткі аб’ектаў, пра якія раней не было публічна вядома.
- Паводле расьсьледнікаў, сын старшыні дзяржаўнай карпарацыі ВЭБ Яўген Шувалаў мінімум да 2017 году валодаў вілай у Таскане. Віла належала кампаніі Weitried, якой валодала фірма з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, што належала тады 24-гадоваму сыну Шувалава.
- Як пішуць журналісты, у 2016 годзе бізнэсовец Алег Дзерыпаска купіў вілу на кіпрскім востраве Пафас за 650 тысяч долараў і камэрцыйную нерухомасьць у горадзе Лімасол за 3 млн даляраў.
- Акрамя таго, у алігарха знайшлі офісную вежу ў Люксембургу. Яе будаўніцтва ў квартале Бельваль вядзе аўстрыйская кампанія Strabag, дзе Дзерыпаска — асноўны акцыянэр.
- Дзерыпаска таксама валодае праз ланцужок кампаній, у тым ліку з Брытанскіх Віргінскіх астравоў, трыма віламі на востраве Сардынія агульным коштам амаль 410 млн даляраў.
Прадстаўнік Дзерыпаскі заявіў, што ўся маёмасьць і актывы, якімі валодае бізнэсовец, «былі набыты сумленным шляхам», а «паляваньне на ведзьмаў, ахвярай якога стаў Дзерыпаска, кіруецца выключна палітычнымі матывамі».
- Таксама журналісты знайшлі раней невядомыя актывы мільярдэра Рамана Абрамовіча і ягонай сямʼі.
- Сярод іх траст HF Trust, створаны на Кіпры 29 сьнежня 2014-га, вынікае з праекта «Файлы FinCEN». Імя Абрамовіча ня згадваецца ў дакумэнтах HF Trust, але расьсьледнікі, цытуючы дакумэнты 2016 году, сьцьвярджалі, што ён выступае «адзіным бэнэфіцыярам».
- Як сьцьвярджаюць расьсьледнікі, былая жонка Абрамовіча Ірына разам зь іхнымі чатырма дзецьмі валодае пяцьцю асабнякамі ў Эўропе. Сярод іх куплены ў 2021 годзе асабняк у Лёндане ў рэзыдэнцыі Tor Garden коштам 17 500 000 фунтаў стэрлінгаў (23 мільёны даляраў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Лёндане анархісты захапілі сядзібу, якая, паводле іх зьвестак, належыць расейскаму алігарху ДзерыпаскуГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Італіі арыштавалі нерухомасьць расейскага мільярдэраВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.