Урад Беларусі забараніў вывозіць з краіны 254 тавары замежнай вытворчасьці
Пыласос, забаронены да вывазу зь Беларусі тавар. Ілюстрацыйнае фота
Пад забарону трапілі мэдычныя і некаторыя дзіцячыя тавары і нават інструмэнты.
Прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка падпісаў пастанову, згодна якой уводзіцца забарона на паўгода на вываз асобных відаў прамысловых тавараў. У сьпісе — 254 віды тавараў. Дакумэнт апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
Сярод тавараў, забароненых да вывазу, — мэдычныя вырабы і расходнікі. У прыватнасьці, дзіцячыя соскі, сродкі дэзынфэкцыі і мэдычныя пальчаткі. Пад забарону трапіў дзіцячы плястылін для лепкі.
Таксама ў сьпісе інструмэнты: алмазныя шкларэзы, паяльныя лямпы, ціскі, заціскі, шліфавальныя кругі і гэтак далей.
У пераліку шмат абсталяваньня — турбіны, помпы, станкі рознага профілю і прызначэньня. Акрамя таго, шмат тэхнікі — ад ліфтаў да бульдозэраў, трактароў і экскаватараў. Забаранілі вывозіць і бытавую тэхніку: халадзільнікі, пыласосы, электрабрытвы, машынкі для стрыжкі валасоў. Забарона закранула таксама матацыклы, ровары і дзіцячыя вазкі.
Акрамя гэтага, у сьпіс уключылі кампутары, тэлефоны, уключна са смартфонамі, мікрафоны, гучнамоўнікі, навушнікі, гуказапісвальная або гукаўзнаўляльная апаратура, відэазапісвальная або відэаўзнаўляльная апаратура, фатакамэры.
Як паведамляецца, абмежаваньні ўвялі для «абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы». Яны не распаўсюджваюцца на тавары, вырабленыя ў Беларусі і Расеі, а таксама асабістыя рэчы грамадзян.