Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць Bosch пачалі расьсьледаваньне: іх запчасткі знайшлі ў расейскіх вайсковых машынах


Знак папярэджаньня на адным з заводаў Bosch
Знак папярэджаньня на адным з заводаў Bosch

Міністэрства эканомікі Нямеччыны вядзе расьсьледаваньне адносна фірмы Bosch на прадмет магчымых парушэньняў забароны на экспарт.

Вывезеныя тавары могуць быць выкарыстаныя як у цывільных, так і ў ваенных мэтах, піша ў пятніцу штотыднёвік Der Spiegel. Міністар замежных спраў Украіны Дзмітры Кулеба раней заяўляў, што Ўкраіна знайшла ў расейскіх вайсковых машынах кампанэнты Bosch.

«Некалькі дзён таму наша армія канфіскавала расейскія пяхотныя машыны — і мы паглядзелі на адну з гэтых машын і ўбачылі, што адзін з асноўных кампанэнтаў, якія сілкуюць машыну, насамрэч пастаўлены кампаніяй Bosch», — сказаў Кулеба нямецкай вядоўцы Эн Уіл у нядзельнай праграме на канале ARD.

«Гэта няправільна, што Нямеччына ў апошнія гады мела шырокае абарончае супрацоўніцтва з Расеяй», — дадаў міністар.

Санкцыі Эўразьвязу абмежавалі экспарт тавараў падвойнага прызначэньня пасьля анэксіі Крыму Расеяй у 2014 годзе. Bosch пацьвердзіў, што гэта сапраўды ягоны прадукт. Пры гэтым ён цьвердзіць, што кампанэнты не пастаўляліся непасрэдна вытворцам згаданых транспартных сродкаў.

«Bosch больш не прымае новыя заказы ад Расеі і расейскіх аўтавытворцаў на запчасткі для дылераў і майстэрняў. Мы таксама спынілі пастаўкі існуючых заказаў у Расею», — сказаў прадстаўнік кампаніі.

Фэдэральны ўрад перадаў інфармацыю аб парушэньні санкцый у сьледчыя органы і пракуратуру, паведамілі ў Мінэканомікі Нямеччыны.

Экспарт тавараў падвойнага прызначэньня доўгі час быў спрэчны, таму што кампаніям і нямецкім уладам вельмі цяжка кантраляваць яго, піша Der Spiegel. Істотнае значэньне мае супрацоўніцтва з краінамі, у якія экспартуюцца тавары, што вельмі малаверагодна ў выпадку расейскай мытні, дадае выданьне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG