У Пачаеўскай лаўры падчас службаў перасталі згадваць імя маскосўскага патрыярха Кірыла
Ва Ўкраіне на службах у цэрквах Маскоўскага патрыярхату ўжо ня моляцца за патрыярха Кірыла, а шэраг прыходаў перайшлі ў аўтакефальную царкву.
Агрэсія Расеі супраць Украіны актывізавала новую хвалю пераходу цэркваў, што належалі да Расейскай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне (РПЦ), у Праваслаўную царкву Ўкраіны, якая тры гады таму атрымала томас аб аўтакефаліі.
За тры гады ў Праваслаўную царкву Ўкраіны перайшлі амаль 700 парафій, якія дзейнічалі ў складзе РПЦ ва Ўкраіне.
Кіраўніка РПЦ Кірыла больш ня згадваюць на літургіях
Пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны, Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Эпіфаній перастаў згадваць імя патрыярха Расейскай праваслаўнай царквы Кірыла ў часе богаслужбаў.
Згадваньне кіраўнікоў памесных праваслаўных цэркваў адпаведна іхнаму месцу ў дыптыху (пераліку імёнаў, якія згадваюцца ў часе літургій у хрысьціянскіх цэрквах. — РС) ёсьць адной з ключавых асаблівасьцяў царкоўных дачыненьняў паміж імі. Першы ў дыптыху — Усяленскі Патрыярх, Праваслаўная царква Ўкраіны — на 15-м месцы.
Пасьля таго, як патрыярх Кірылпадтрымаў вайну ва Ўкраіне, у рэлігійных грамадах яго лічаць саўдзельнікам ваеннага злачынства.
Цэрквы разрываюць дачыненьні з Маскоўскім патрыярхатам
Чырвонаград на Львоўшчыне, Дзяньгі на Чаркашчыне, Стараканстанцінаўка на Хмяльніччыне, Крамянец на Валыні, Вішнёвае на Кіеўшчыне, Львоў — няпоўны пералік мясцовых рэлігійных супольнасьцяў, якія ўжо ўхвалілі рашэньне аб далучэньні да Праваслаўнай царквы Ўкраіны (ПЦУ).
Настаяцель Сьвята-Андрэеўскай царквы ў Стараканстанцінаўцы айцец Ермаген ня толькі заявіў пра пераход у ПЦУ, а і заклікаў усіх сьвятароў, якія служаць у Маскоўскім патрыярхаце, зрабіць тое самае. У сваіх літургіях ён перастаў згадваць ня толькі імя патрыярха Кірыла, але і кіраўніка РПЦ ва Ўкраіне Ануфрыя.
На Валыні настаяцель Сьвята-Мікалаеўскай царквы ў Крамянцы запісаўся ў мясцовае падразьдзяленьне тэрытарыяльнай абароны, якое ён у якасьці валянтэра забясьпечвае харчамі.
На Цярнопальшчыне ў Пачаеўскай лаўры, якая лічыцца ва Ўкраіне найбольшым пасьля Кіева-Пячэрскай лаўры асяродкам Маскоўскага патрыярхату, пачалі зьбіраць подпісы за выхад з РПЦ. Але перад гэтым намесьнік лаўры мітрапаліт Пачаеўскі Ўладзімірзьвярнуўся да патрыярха Кірыла, каб той заклікаў улады Расеі спыніць ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне.
Кіраўнік РПЦ ва Ўкраіне застаецца верным Маскоўскаму патрыярхату
Кіраўнік РПЦ ва Ўкраіне мітрапаліт Ануфрый імкнецца пераканаць украінскае грамадзтва ў тым, што гэтая царква — царква ўкраінскага народу, якая аб’ядноўвае вернікаў на ўсходзе, захадзе, поўначы і поўдні Ўкраіны. Ён заклікаў дапамагчы арганізаваць гуманітарныя калідоры і абмен ваеннапалоннымі.
«Усе мы адно ў Хрысьце. За больш чым тысячагадовую гісторыю наша Царква заўсёды была і застаецца са сваім народам», — заявіў ён.
На афіцыйным сайце РПЦ ва Ўкраіне цяпер шмат інфармацыі аб тым, як сьвятары і цэрквы Маскоўскага патрыярхату дапамагаюць цывільнаму насельніцтву і асабліва дзецям.
Пры гэтым усё часьцей ухвальваюць рашэньні аб «адлучэньні ад царквы» тых сьвятароў, якія разам са сваімі вернікамі цяпер пераходзяць у Праваслаўную царкву Ўкраіны.