Патрыярх Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) Кірыл (Гундзяеў) уручыў так званую Аўгустоўскую ікону Божай Маці кіраўніку Нацыянальнай гвардыі Расеі Віктару Золатаву падчас нядзельнай службы ў маскоўскім храме Хрыста Збаўцы.
«Я хачу перадаць гэты абраз для нашага вайсковага храма ў парку „Патрыёт“ у храме Ўваскрэсеньня Хрыстовага. Няхай ён натхняе маладых ваяроў, якія прымаюць прысягу і становяцца на шлях абароны Айчыны. Ну а, паколькі вы, Віктар Васільевіч, зьяўляецеся кіраўніком Расгвардыі, я хацеў бы, каб гэты абраз быў у шэрагах Расгвардыі Расеі», — сказаўКірыл.
Віктар Золатаў, падзякаваўшы кіраўніку РПЦ за падарунак, пачаў расказваць пра вайну, якую Расея вядзе супраць Украіны.
«Хачу паведаміць вам і ўсім прысутным тут прыхаджанам, што войскі Нацыянальнай гвардыі сумесна з Узброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі выконваюць усе задачы, пастаўленыя ў ходзе гэтай ваеннай контрапэрацыі, і хачу сказаць, што ня ўсё так ідзе хутка, як хацелася б... Але мы ідзём да намечанай мэты крок за крокам. Перамога будзе за намі, і гэты абраз будзе абараняць расейскае войска і паскараць нашу перамогу», — сказаў Золатаў.
Паводле зьвестак Генэральнага штабу Ўкраіны, ва Ўкраіне толькі за першыя два тыдні вайны загінулі звыш 12 тысяч расейскіх салдат, зьнішчаны сотні адзінак баявой тэхнікі. Расейцы страты ў сваіх войсках утойваюць.
Сёньня стала вядома, што РПЦ у Амстэрдаме заявіла пра разрыў з Маскоўскім патрыярхатам, бо ён падтрымаў вайну ва Ўкраіне. Ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату праз вайну перасталі маліцца за патрыярха Кірыла, замест гэтага ўзмацніўшы малітвы за абаронцаў украінскай зямлі.