У Марыюпалі з-пад завалаў вызвалілі 130 чалавек, у сутарэньні застаюцца звыш 1300

Разбураны тэатар у Марыюпалі, 17 сакавіка

Амбудсмэн Украіны Людміла Дзянісава паведаміла, што пад заваламі падарванага расейцамі Марыюпальскага драматычнага тэатру застаецца больш за 1300 грамадзян.

«Вядома, што 130 чалавек удалося вывесьці, але, паводле нашых зьвестак, там яшчэ больш за 1300 асобаў знаходзяцца ў тых бамбасховішчах. Мы молімся за тое, каб яны ўсе былі жывыя. Але на гэты час ніякай дадатковай інфармацыі пра іх няма. Ратавальнікі працуюць», — паведаміла Людміла Дзянісава ў эфіры ўкраінскай тэлевізіі.

Амбудсмэн Украіны дадала, што ў Марыюпалі найбольшы гуманітарны крызіс ад таго, што бамбаваньні адбываюцца бесьперапынна — і ўдзень, і ўначы.
«50-100 бомбаў скідваюць. Пашкоджана 70% будынкаў, зь іх 30% ужо немагчыма аднавіць.

Шмат ахвяр, разбурана ўся інфраструктура. Патрэбна гуманітарная дапамога, бо людзі сядзяць у падвалах ужо 17 дзён без харчоў, не хапае хлеба. Таму вельмі важна, каб былі дамоўленасьці аб перадачы гуманітарнай дапамогі», — дадала Людміла Дзянісава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Антыфэйк. Расейцы разбамбілі радзільны дом, а ня «базу ўльтрарадыкальнага батальёну „Азоў“»

16 сакавіка расейская авіяцыя скінула бомбу на Драматычны тэатар у Марыюпалі. Тэатар мог зьмясьціць да 1200 чалавек, паведаміў намесьнік мэра Марыюпалю Сяргей Арлоў. Колькасьць пацярпелых пакуль невядомая. Напярэдадні ўкраінскія ўлады заявілі, што бамбасховішча тэатра не пацярпела і людзі засталіся жывыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы разбамбілі Драматычны тэатар у Марыюпалі, нягледзячы на надпісы «Дети». Бомбасховішча вытрымала напад