Адзін з самых дарагіх стартапаў, Flo, пакідае Беларусь

Ілюстрацыйнае фота

Кампанія Flo, адзін з самых вядомых стартапаў Беларусі зь вялікай капіталізацыяй, пакідае краіну, піша Dev.by.

Flo Health — кампанія зь беларускімі каранямі, якая выпускае папулярную праграму ў сэгмэнце жаночага здароўя. Штаб-кватэра — у Лёндане, мае прадстаўніцтвы ў Нідэрляндах і ЗША, офісы распрацоўкі ў Менску і Вільні. Колькасьць супрацоўнікаў на канец 2021 году складала каля 400 чалавек, зь іх у Менску — каля паловы. Восеньню 2021 году Flo закрыла інвэстыцыйны раўнд B.

Агульная сума інвэстыцый склала 50 мільёнаў даляраў, ацэнка кампаніі дасягнула 800 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адзін зь вядучых беларускіх стартапаў OneSoil выйшаў з ПВТ і перавёў асноўную працу за мяжу

Паводле крыніц выданьня, супрацоўнікаў «папрасілі вырашыць пытаньне з рэлякацыяй да 14 сакавіка і адключылі доступы да карпаратыўных рэсурсаў для тых, хто яшчэ ў Беларусі», пры гэтым рэлякацыя магчымая толькі ў Літву і Польшчу.

Паводле інфармацыі іншых крыніц, варыянтаў рэлякацыі больш (у тым ліку Нідэрлянды, Вялікая Брытанія), але, калі даход не дазваляе, можна абмяркоўваць і іншыя краіны. Частку рэлякантаў падтрымаюць падвышэньнем заробку.

Адключэньне ад акаўнтаў, лічыць Dev.by, пэўна, вымушаны захад засьцярогі: ва ўмовах санкцый можна страціць доступ да карпаратыўных заходніх рэсурсаў праз тое, што на іх заходзяць з падсанкцыйнай краіны.

У Flo ніяк не пракамэнтавалі гэтай інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Два беларускія стартапы трапілі ў топ-100 у Эўропе

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявілася мабільная праграма «Мова PRO» для дапамогі ў вывучэньні беларускай мовы