Ці магчымая сацыялёгія падчас вайны? Чым адрозьніваецца стаўленьне да вайны расейцаў і беларусаў? Як зьменіцца цяпер стаўленьне беларусаў да Расеі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі сацыёляг, суаўтар кнігі «Зразумець Беларусь. Запіскі вандроўных сацыёлягаў» Сяргей Барысаў.
Барысаў
Сяргей Барысаў
- Паколькі я знаходжуся ў Расеі, я часам вымушаны не называць ката катом. За гэта ў нас ужо прадугледжаныя турэмныя тэрміны. Таму прашу прабачэньня за тое, што буду называць рэчы ня тымі імёнамі, якія ім адпавядаюць.
- Калі твая краіна робіць тое, што яна робіць, у многіх людзей разбураецца карціна сьвету. Зараз недарэчныя тэлефонныя апытаньні. Вы ня бачыце таго чалавека, зь якім вы размаўляеце. У вас уключаецца і пачуцьцё самазахаваньня, і пачуцьцё самавызначэньня.
- У такі час у людзей зьяўляецца падзел «свае-чужыя». Тыя, хто не свае, — тыя ворагі. Гэта архаіка, гэта пад слоем цывілізацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Чаму большасьць расейцаў за вайну? Тлумачэньне дасьледчыка-сацыёляга- Ёсьць мэм — мая краіна ня мае рацыі, але гэта мая краіна. Ёсьць людзі, якія так лічаць. Маюць свае рацыю ці не, потым разьбярэмся. Праўда, жыцьцё паказвае, што ніякага «потым» ня будзе. Я б не сьпяшаўся называць людзей, якія так разважаюць, крыважэрнымі монстрамі.
- У гэтай сытуацыі не выпадае спадзявацца, што нехта будзе падаваць аб’ектыўную інфармацыю. У галовах людзей каша. Чалавек можа на адно і тое ж пытаньне, проста крыху інакш сфармуляванае, даць супрацьлеглыя адказы.
- Калі ЗША вялі вайну ў Віетнаме, у Амэрыцы быў масавы антываенны рух. Але тады ж, паводле сацыялягічных апытаньняў, там разьмеркаваньне думак было 50 на 50. Прыкладна палова амэрыканцаў не падтрымлівалі антываенны рух.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Доўгае разьвітаньне з Лукашэнкам. Гутарка з расейскім сацыёлягам- У Беларусі няма рудымэнтаў імпэрскай сьвядомасьці, якія прысутнічаюць у сьвядомасьці расейцаў. Стаўленьне беларусаў да агрэсіі, да сілавых спосабаў вырашэньня жыцьцёвых праблемаў — яно рознае ў расейцаў і беларусаў.
- Беларусы разумеюць, што калі іх дзяржава, іх войска будзе наўпрост удзельнічаць у канфлікце, то гэта будзе мець вельмі сурʼёзныя наступствы.
- Тут велізарная маральная праблема. Краіны, якія ўратавалі сьвет, губляюць свой маральны капітал. З гэтым і ў Расеі складана. А ў Беларусі тым болей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто ў Беларусі за вайну і што на гэта ўплывае? Дыскусія экспэртаў- У Расеі зараз галоўнае пытаньне, якое задаюць людзі, — навошта? Ніхто не разумее адказу на гэтае пытаньне.
- У беларусаў вельмі абвостранае пачуцьцё кепскіх наступстваў і імкненьне іх пазьбегнуць. Беларуская памяркоўнасьць фармавалася стагодзьдзямі. Тут падзел праходзіць не зусім па лініі — пратэст ці ляяльнасьць уладзе. Шмат што будзе залежаць ад таго, ці будзе Беларусь «у адным акопе» з Расеяй у гэтай вайне.
- Расея ўжо атрымала велізарныя рэпутацыйныя страты і будзе працягваць іх несьці. І гэта будзе адбівацца і на Беларусі. Асноўныя санкцыі цяпер накладзеныя і на Расею, і на Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Вынікі апытаньня Chatham House пра рэфэрэндум і вайну з Украінай- Калі Беларусь захавае свой голас, калі знойдзе магчымасьць дыстанцыявацца, тады ёсьць шанцы, што яна захаваецца.
- Беларуская грамадзкая думка можа сказаць уладзе — гэта ня наша вайна. І ўкраінцы нам браты не таму, што ў нас добрыя адносіны з Расеяй. У нас асобныя адносіны з Украінай і з украінцамі. І мы ня хочам іх разбураць з прычыны адносінаў з трэцяй, хай і братэрскай краінай — Расеяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
70% украінцаў віну за агрэсію супраць Украіны ўскладаюць на Лукашэнку — вынікі апытаньня- У сьвеце, акрамя міжнароднага права, ёсьць і права сілы. Гэта ня значыць, што таго, хто гэтым правам валодае, паважаюць. Але зь ім лічацца. На гэтым і пабудаваная лёгіка Крамля.
- Ня выключана, што малая ў параўнаньні з Расеяй Беларусь скажа — трэба быць рэалістамі. Давайце мы перабудуемся пад сілу. Мы ўсе хочам, каб сьвет будаваўся на праве закону і дабра. Але мы бачым, што гэта не зусім так, а мо і зусім ня так.
- Ранейшае стаўленьне беларусаў да Расеі, безумоўна, зьменіцца.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.