Якія варыянты разьвіцьця палітычных падзеяў адкрываюцца зараз перад краінай? Ці прывядзе беспасярэдні ўдзел Беларусі ў вайне да поўнай страты яе сувэрэнітэту? Ці назіраецца ў Беларусі ўтварэньне прарасейскіх сілаў, альтэрнатыўных Лукашэнку? Ці можна чакаць у краіне новага грамадзкага ўздыму?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць доктар палітычных навук, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Казакевіч
Андрэй Казакевіч
- Прагнозы разьвіцьця сытуацыі пасьля рэфэрэндуму, якія рабіліся летась, рабіліся без уліку вайны. Вайна ва Ўкраіне ўсё памяняла. Гэтая вайна — гэта «чорны лебедзь».
- З тых сцэнараў, якія прадказваліся летась, бліжэй да рэальнасьці сцэнар «акопнай вайны». Хутчэй за ўсё, напружаньне ў беларускім грамадзтве будзе захоўвацца, і эканамічны крызіс яго яшчэ больш узмоцніць.
- Зараз унутрыпалітычная дынаміка ў Беларусі будзе вызначацца тым, як будзе разьвівацца сытуацыя ва Ўкраіне. Ёсьць тры варыянты. Першы — вайна прыме зацяжны характар. Тады вельмі малаімаверна, што ў Беларусі будзе нешта мяняцца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Дэфолт Беларусі ў 2022 годзе не пагражае, — эканаміст Раманчук- Другі варыянт — гэта калі Расея ў пэўным сэнсе пераможа, калі здолее ўсталяваць ва Ўкраіне нейкі прарасейскі ўрад. Калі гэта адбудзецца, то ў Беларусі можна чакаць транзыту ўлады паводле сцэнару Крамля, пра што шмат гаварылі ў 2020 годзе.
- Трэці варыянт — гэта ваенная ці палітычная параза Расеі. У гэтым варыянце, асабліва калі гэта будзе суправаджацца палітычным крызісам у Расеі, адчыняецца шырокае вакно магчымасьцяў для дэмакратычных зьменаў у Беларусі.
- Да вайны некаторыя беларускія экспэрты выказвалі меркаваньні, што Беларусь можа паўдзельнічаць у падзеле, пераўладкаваньні Ўкраіны. І цяпер ад іх можна пачуць меркаваньні, што Беларусь можа паўдзельнічаць у аднаўленьні Ўкраіны. Да вайны лічылася, што за 2–3 дні расейскія войскі дойдуць да Львова. Некаторым у беларускім кіраўніцтве тады здавалася лягічным паўдзельнічаць у падзеле Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Гэта вайна пахавае і Пуціна, і Лукашэнку. Што будзе пасьля- Наўрад ці размова ішла пра тэрытарыяльнае пашырэньне Беларусі за кошт Украіны. Хутчэй меўся на ўвазе кантроль Беларусі над пэўнымі сэктарамі ўкраінскай эканомікі. Гэта б трактавалася як дапамога Ўкраіне. Гэта і цяпер ня выключана, калі Расея здолее ўсталяваць ва Ўкраіне прарасейскі ўрад. Але цяпер імавернасьць гэтага ўяўляецца вельмі нізкай.
- У беларускім кіраўніцтве шмат фантазіяў — і пра Трэцюю сусьветную вайну, і пра адмову ад даляра і пераход на юань.
- Большасьць прарасейскіх сілаў у Беларусі ў 2020–2022 гадах былі інтэграваныя ва ўладны дыскурс. Калі глядзець на наратывы беларускай прапаганды, то гэта нават не прарасейскія, а расейскія наратывы. Яшчэ застаюцца рэшткі беларускай сувэрэннай ідэалёгіі, ужо назіраецца пераключэньне на цалкам расейскія наратывы.
Карбалевіч
Валер Карбалевіч
- Звычайна прагноз — гэта працяг існых трэндаў. Калі прылятае «чорны лебедзь», разбураюцца ўсе трэнды і незразумела, на чым будаваць прагноз.
- За 30 гадоў існаваньня незалежнай Беларусі ўнутрыпалітычная і эканамічная сытуацыя так не залежала ад вонкавых фактараў. Ёсьць рэчы, на якія Беларусь можа мала ўплываць: гэта канфлікт Расеі з Захадам і канфлікт Расеі з Украінай. Ад вынікаў гэтых канфліктаў шмат у чым будзе залежаць разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Паводле ЦВК, за новую Канстытуцыю прагаласавалі 65% выбарнікаў, а паводле апытаньня — 28%, — сацыёляг Вардамацкі- Лёс Беларусі будзе вельмі істотна залежаць ад таго, як будуць разьвівацца падзеі ў Расеі. Калі рэжым Пуціна разваліцца, гэта будзе вельмі важным чыньнікам пераменаў для Беларусі.
- Калі беларускія вайскоўцы будуць наўпрост удзельнічаць у вайне, гэта нашмат больш зьвяжа лёс Беларусі зь лёсам Расеі. Калі Беларусь ня будзе наўпрост удзельнічаць у вайне, у краіны пад кіраўніцтвам Лукашэнкі яшчэ захаваецца шанец, у нейкі момант яна тады зможа нават саскочыць з залежнасьці ад Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ці здолее Пуцін уламаць Лукашэнку далучыцца да вайны? Дыскусія экспэртаў- Падчас крызісу грамадзтва часта ўскладае свае спадзевы на ўладу, бо няма іншых інстытутаў, якія маглі б мікшаваць уплыў крызісу. Палітычны крызіс, які выявіўся ў 2020 годзе, ня вырашыўся, атмасфэра ў грамадзтве наэлектрызаваная. Калі на гэта накладаюцца новыя чыньнікі, гэта можа выклікаць кумулятыўны эфэкт.
- Зараз дадаўся антываенны настрой, бацькі беларускіх салдатаў, якія ня хочуць, каб іх дзеці ехалі ваяваць і гінуць ва Ўкраіну. Гэты настрой закранае і частку прыхільнікаў Лукашэнкі.
- Узьнікаюць праблемы з купляй валюты, са зьняцьцём сваіх банкаўскіх укладаў, у пэрспэктыве — беспрацоўе, зьніжэньне заробкаў і пэнсіяў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.