Днямі да дзяцей беларусаў дадаліся пяцёра ўкраінскіх.
«На маю прапанову ў сацыяльных сетках адгукнулася жанчына з Мікалаева. Мы не маглі не дапамагчы. Яна зь пяцярымі дзецьмі былі бяз даху над галавой, начавалі ў транзытнай залі аэрапорту, дзецям там было холадна. Я сама бачу, як на вакзалах дзеці сядзяць ці ляжаць на падлозе. Гэта ж не ўмовы для дзяцей», — расказала Свабодзе Анастасія.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ААН: колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 3 мільёныЯны жывуць у арэнднай 4-пакаёвай кватэры. Плацяць толькі за камунальныя. Кватэру ім здаў у арэнду знаёмы з касьцёла, куды ходзіць сям’я. Яны яшчэ ня здолелі абжыцца, купіць неабходную мэблю. З кватэрай і фінансава ім дапамагаюць палякі з касьцёла.
«Як нам дапамагаюць людзі, то і мы дзелімся зь іншымі тым, чым можам. Яшчэ калі мы жылі ў Беларусі, то па адной праграме атрымлівалі дапамогу як шматдзетныя. Мы дзяліліся зь іншымі людзьмі тым, што мелі», — патлумачыла Анастасія.
Украінцы зь пяцярымі дзецьмі, якія прыехалі да беларусаў, памыліся, памылі вопратку, адпачылі, паелі. Палякі дапамаглі з рэчамі для іх і грашамі. Цяпер іх перавялі ў мясцовую школу — там для ўцекачоў адвялі два пакоі. Зрабілі таксама пакой для гульняў, кухню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
ААН: калі вайна Расеі працягнецца, траціна насельніцтва Ўкраіны апынецца за мяжой беднасьціЦяпер Віктар і Анастасія чакаюць сям’ю з украінскіх Сумаў з дваімі дзецьмі.
«Толькі я папярэджваю, што ў нас шмат дзяцей, і калі людзей гэта не напружвае, то калі ласка. Дзеці, дарэчы, не разьбіраюцца ў нацыянальнасьцях. Нашы з украінскімі адразу пасябравалі і былі як браты. Нашы дзеці цяпер ацанілі, што такое мець дах над галавой і быць у цяпле. Мы з украінскай маці разам гатавалі ежу, а дзеці разам гулялі. Я некалі скончыла курсы цырульніц, то я пастрыгла і пафарбавала нашу новую сяброўку», — падзялілася Анастасія.
Дзеці разам гулялі ў канструктар, ігралі на гітары і сынтэзатары, хадзілі на рэчку.
«Малыя дзеці яшчэ асабліва ня ведаюць пра вайну. Але нашы старэйшыя абураюцца, вядома. Яны ідуць у валянтэры, бо цяпер усюды трэба рукі. Дапамагаюць і дзеці — на вакзале, дзе шмат людзей, ці сартаваць гуманітарку, бо цяпер шмат пунктаў прыёму па горадзе», — расказвае беларуска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Тут зьмесьціцца 20 уцекачоў ад рэжыму Пуціна і Лукашэнкі». Як беларус «заняў» вілу дачкі Пуціна ў ФранцыіУкраінка Ніна не магла спаць спакойна нават у Польшчы. «Уздрыгвала ад гукаў; у нас стары гадзіньнік, і яна яго палохалася. Ёй усё здавалася, што гучыць паветраная трывога», — кажа Анастасія.
Нейкага нэгатыўнага стаўленьня ў яе бок як беларускі ад украінцаў ці палякаў яна не заўважыла.
«Украінцам я расказвала пра нашу Беларусь, пра тое, якія ў нас умовы — яны былі проста ў шоку, бо ня ведалі шмат пра нашу краіну. Бо ўкраінцы ж розныя бываюць. Некаторым не да навінаў, ім трэба было шмат працаваць, зарабляць грошы. Таму яны ня ведалі, што ў Беларусі нельга і слова сказаць, і правоў ты ніякіх ня маеш. Размаўляла з палякамі — яны нас разумеюць. Пакуль не сустрэла тут нікога, каб на нас касавурыўся ці нешта дрэннае сказаў. Дзеці ходзяць у польскую школу, таксама ня скардзіліся. У нас адкрытыя суседзі, мы добра ладзім зь імі», — кажа беларуска.
Беларуская сям’я ўцекачоў і далей гатовая дапамагаць і беларусам, і ўкраінцам — усім, хто трапіў у бяду, бяжыць ад вайны.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.