ААН: колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 3 мільёны

Украінскія ўцекачы на ўкраінска-польскай мяжы, сакавік 2022
Украінскія ўцекачы на ўкраінска-польскай мяжы, сакавік 2022

Больш за палову ўкраінцаў выехалі ад вайны на тэрыторыю суседняй Польшчы. У Беларусь — толькі 1,5 тысячы чалавек.

Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, з Украіны выехалі 3 мільёны 381 чалавек. Найбольш — 1 мільён 830 тысяч — знайшлі прытулак у Польшчы. 459 тысяч — у Румыніі, 337 тысяч — у Малдове, 267 тысяч грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 213 тысяч — у Славаччыну, амаль 142 тысячы — у Расею (пераважна з так званых «ЛДНР»), 1 475 чалавек — у Беларусь.

У краінах Эўразьвязу валянтэры дапамагаюць уцекачам разьмясьціцца ў месцах часовага знаходжаньня, а таксама шукаюць жытло.

Колькасьць уцекачоў з Украіны праз тры тыдні вайны ўжо перавысіла лічбы ўцекачоў пасьля войнаў у Босьніі і Герцагавіне і Косаве ў 90-я, адкуль, паводле Вярхоўнага камісара ў справах уцекачоў Філіпа Грандзі, у бежанства падаліся ад 2 да 3 мільёнаў чалавек за 8 гадоў. Такім чынам, вайну Расеі супраць Украіны ўжо можна называць найбуйнейшай гуманітарнай катастрофай у Эўропе ў пэрыяд пасьля ІІ усясьветнай вайны.

​
XS
SM
MD
LG