«Аднаўляць ужо амаль няма чаго». Як расейскія войскі зьнішчаюць Луганшчыну

Пашкоджныя будынкі ў Севераданецку ў выніку абстрэлу расейскіх войскаў, сакавік 2022

Луганшчына — цяпер адзін з найбольш вострых напрамкаў, дзе расейскія войскі працягваюць актыўныя наступальныя дзеяньні.

Каля 70 адсоткаў тэрыторый рэгіёну захоплены. Падкантрольныя Ўкраіне раёны ўвесь час абстрэльваюць з артылерыі і авіяцыі. Улады вобласьці заяўляюць аб крытычнай гуманітарнай сытуацыі. У той жа час вайскоўцы на працягу сутак адбілі наступы на цэнтральныя гарады рэгіёну.

Арыгінал публікацыі на сайце ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Пастаянныя абстрэлы, цяжкасьці з эвакуацыяй, пашкоджаньні інфраструктуры і камунікацый, праблемы са сувязьзю — гэта рэальнасьць, зь якой штодня сутыкаюцца жыхары падкантрольнай Украіне тэрыторыі Луганскай вобласьці. Вось як сытуацыю на сёньняшні дзень камэнтуе кіраўнік абласной вайскова-цывільнай адміністрацыі Сяргей Гайдай:

«Праз абстрэлы дапамогу вельмі цяжка дастаўляць у грамады. Акупанты працягваюць абстрэльваць галоўныя гарады вобласьці, таму сёньня не было агульнага гуманітарнага калідора. Аўтобусы дабрачыннага фонду, які дапамагае нам з эвакуацыяй людзей, трапілі сёньня пад агонь расейскай арміі. Вывезьці людзей не ўдалося. Заўтра чакаем рэжыму цішыні, каб аднавіць паўнавартасную эвакуацыю. Адносна пашкоджанай інфраструктуры і камунікацый — аднаўляць амаль няма чаго», — піша Сяргей Гайдай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

3 мільёны ўцекачоў з Украіны; Пуціна ў ЗША прызналі ваенным злачынцам. 21-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Выходзяць з бамбасховішчаў з сонцам. Севераданецк

Ужо больш за тыдзень пастаянна абстрэльваецца адміністрацыйны цэнтар Луганскай вобласьці Севераданецк. Горад, які ў 2014 годзе перажыў баявыя дзеяньні і акупацыю, зноў перажывае складаныя часы. І яны складанейшыя, чым былі 8 гадоў таму. Горад абстрэльваюць кожны дзень. Раніцай, удзень, уночы. Ціха можа быць максымум гадзіну, расказвае мясцовая жыхарка Аліна (імя зьменена зь меркаваньняў бясьпекі).

Новыя раёны гораду разьбіты вельмі моцна. Палаюць дамы, кватэры, усё! Ацяпленьня там няма больш за 2 тыдні, як і электрычнасьці, і газу. Людзі гатуюць у дварах на агні ежу, так грэюць і ваду. На ўвесь горад у лепшым выпадку працуе 2 супэрмаркеты. Часам і яны зачыненыя. Яны амаль пустыя, цукру і крупаў няма. Соль таксама даводзіцца пашукаць. Я ўжо не кажу пра гігіенічныя сродкі, у тым ліку жаночыя. Іх знайсьці практычна немагчыма. Зусім! Што ёсьць на складах, тое і возяць. Масла, малочка; хлеб пячэ пякарня кожны дзень і прадае; часам яблыкі ці мандарыны прывозяць, мяса таксама часам прывозяць. Цыбуля, буракі, капуста, бульба бываюць часьцей на рынку. Але адзін згарэў, у другі прылятае пэрыядычна, таму там не заўсёды гандлююць«, — расказвае Аліна.

Пра наступствы разбурэньняў у горадзе можна даведацца з фатаграфій, якія выстаўляюць мясцовыя жыхары. Гуманітарную дапамогу прывозяць. Праўда, доўгі час яе раздавалі толькі ў новай частцы горада. Цяпер ёсьць пункт і ў старой частцы. Так што мясцовым бліжэй будзе ісьці па гуманітарную дапамогу. Увогуле людзей па горадзе няшмат. Прынамсі на вуліцы.

«Людзей вельмі мала. Вось дзе працуе банкамат ці крама, там людзі ёсьць. Як сонейка выходзіць, то з падвалаў выходзяць пагрэцца. Максымум раніцай ідуць за ежай, пасьля абеду ўжо вяртаюцца — і па дамах. Пуста на вуліцах. Праз дрэнны інтэрнэт крамы з тэрміналамі амаль не прымаюць картак, часьцей за ўсё просяць гатоўку. А зьняць яе ўвогуле цяжка і доўга. Я стаяла ў чарзе каля 3 гадзін», — расказвае Аліна.

Таксама, паводле яе, моцна абстрэльваюць суседняе Рубежнае. Там таксама шмат пажараў. Зь Севераданецку добра відаць, як гарыць горад. Сувязі з Рубежным амаль няма. Там таксама ўжо некалькі дзён практычна няма электрычнасьці. Вось відэа https://t.me/ghostsever/1005, разьмешчанае ў адным з каналаў у сацыяльных сетках. Дакладная дата здымак невядомая. Але актыўныя баі за Рубежнае пачаліся нядаўна. Сёньня там снарады трапілі ў радзільню.

Выдавалі па тры курыныя кумпячкі. Лісічанск


Нароўні зь Севераданецкам яшчэ адзін буйны горад Луганшчыны — Лісічанск. Ён таксама зазнае напады расейскіх войскаў. Тут таксама сытуацыя залежыць ад раёнаў. Складаней за ўсё ў раёне заводу гуматэхнічных вырабаў. Там праз абстрэлы няма электрычнасьці, вады і ацяпленьня. Бліжэй да цэнтру электрыка, вада і ацяпленьне ёсьць. Але праблемы з сувязьзю і харчамі, расказала лісічанка Марыя (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі).

Чарга па ваду ў Лісічанску

«З прадуктамі бяда. У супэрмаркетах паліцы пустыя. Засталіся толькі дарагія прадукты, і тое ўжо няшмат. Хлеб падвозяць. Велізарная чарга ў „Сям’ю“ (мясцовая сетка крам. — РС.), туды яшчэ нешта завозяць. Кажуць, выдавалі па тры курыныя кумпячкі на рукі. На рынку змаглі купіць толькі цукеркі і гарбату. Гуманітарку прывозяць, але вельмі мала», — кажа Марыя.

Акупаваныя населеныя пункты

На захопленых расейскімі войскамі тэрыторыях акупанты ўсталёўваюць сваю ўладу, а таксама камэнданцкі час. Пра гэта можна меркаваць па тых прапагандысцкіх матэрыялах, якія яны разьмяшчаюць у сацыяльных сетках.

На акупаваных тэрыторыях няма сувязі ні з адным з украінскіх мабільных апэратараў. Зь людзьмі можна зьвязацца толькі праз інтэрнэт, у каго ён ёсьць. Вядома, што там ужо ўключылі расейскія каналы. Гуманітарная сытуацыя таксама складаная: прадукты ў крамы вязуць ня часта. І ў асноўным гэта рэшткі таго, што назапасілася на складах яшчэ да пачатку ўварваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бясьпека і новыя санкцыі супраць Расеі. Што абмяркоўвалі кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі зь Зяленскім у аточаным Кіеве

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.