Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бясьпека і новыя санкцыі супраць Расеі. Што абмяркоўвалі кіраўнікі ўрадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі зь Зяленскім у аточаным Кіеве

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і польскі віцэ-прэмʼер Яраслаў Качыньскі, прэмʼер-міністар Чэхіі Пётр Фіала і прэмʼер-міністар Славеніі Янез Янша. Кіеў, 15 сакавіка 2022
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, прэм'ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль, прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі і польскі віцэ-прэмʼер Яраслаў Качыньскі, прэмʼер-міністар Чэхіі Пётр Фіала і прэмʼер-міністар Славеніі Янез Янша. Кіеў, 15 сакавіка 2022

Прэмʼер-міністры Чэхіі (Пэтар Фіяла), Польшчы (Матэвуш Маравецкі) і Славеніі (Янэз Янша) ў Кіеве сустрэліся з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.

Візыт праходзіць ва ўмовах пагрозы наступу на горад расейскіх войскаў. Кіраўнікі ўрадаў трох краінаў прыбылі ва Ўкраіну на цягніку.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў мужным крокам візыт кіраўнікоў урадаў Польшчы, Славеніі і Чэхіі ва Ўкраіну ў часе агрэсіі Расеі і сталых абстрэлаў яе войскамі буйнейшых украінскіх гарадоў:

«Гэтыя паважаныя людзі, лідэры сваіх цудоўных незалежных эўрапейскіх дзяржаў, нічога не баяцца. Яны больш баяцца за наш лёс, і яны тут, каб нас падтрымаць. Гэта вялікі мужны крок», — сказаў Уладзімір Зяленскі пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім і польскім віцэ-прэм’ерам Яраславам Качыньскім, а таксама з кіраўнікамі ўрадаў Чэхіі і Славэніі Пэтрам Фіялам і Янэзам Яншам.

Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна абсалютна давярае гэтым краінам:

«Таму, калі мы гаворым пра гарантыі бясьпекі, пра нашу будучыню ў Эўрапейскім Зьвязе або пра санкцыйную палітыку, на 100 адсоткаў мы ведаем, што ўсё, што мы абмяркоўваем, сапраўды дасягне мэты, пазытыўнай мэты для нашай краіны, для нашай бясьпекі і для нашай будучыні», — дадаў украінскі прэзыдэнт.

Прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль удакладніў, што асноўнымі тэмамі перамоў стала ўзмацненьні санкцый супраць Расеі і прызнаньне яе краінай –спонсарам тэрарызму, закрыцьцё партоў для расейскіх грузаў, міжнародная дапамога для аднаўленьня інфраструктуры Ўкраіны пасьля вайны, а таксама падтрымка эўраінтэграцыйнага курсу краіны.

«Наш абавязак — быць там, дзе куецца гісторыя. Таму што гаворка ідзе не пра нас, а пра будучыню нашых дзяцей, якія заслугоўваюць магчымасьці жыць у сьвеце, свабодным ад тыраніі», — сказаў польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі. Паводле Пэтра Фіялы, мэта візыту ў тым, каб «пацьвердзіць безумоўную падтрымку сувэрэнітэту і незалежнасьці Ўкраіны з боку ўсяго Эўразьвязу».

Візыт праходзіць у момант, калі афіцыйныя асобы Ўкраіны выказваюць думку, што Масква, магчыма, зьмірыцца з тым, што не змагла сілай накінуць Украіне новае кіраўніцтва.

Прэзыдэнт Украіны Зяленскі заявіў учора , што Кіеў гатовы прыняць гарантыі бясьпекі, якія не адпавядаюць ягонай доўгатэрміновай мэце — сяброўству ў NATO, супраць якога выступае Масква.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG