«У дачку трапіў адзін аскепак, а сын быў у аскепках з ног да галавы». Як у Ірпяні загінула цэлая сям’я. ВІДЭА

Наступствы баявых дзеяньняў у Ірпяні, Кіеўская вобласьць, 2022

Жыхар Кіеўскай вобласьці Сяргей Перабійніс 7 сакавіка страціў усю сям’ю: жонку і дваіх дзяцей. Гэта адбылося, калі яны спрабавалі эвакуавацца з Ірпяня, горада пад Кіевам, які некалькі дзён запар спрабавалі ўзяць расейскія вайскоўцы і ў выніку проста разбурылі дашчэнту.

Жанчына і двое дзяцей трапілі пад мінамётны абстрэл, калі беглі да разбуранага моста: менавіта па ім з Ірпяня выводзілі людзей, каб потым пасадзіць іх на аўтобус і адправіць у бок Кіева і далей у эвакуацыю, піша «Настоящее время».

«Гэты заплечнік быў на маім сыне. Яго пасекла мінамі, былі аскепкі. А гэта заплечнік, які быў на маёй дачцэ. На ім добра відаць сьляды крыві. Яна атрымала аскепкавае раненьне ў скронь. У момант выбуху міны яна знаходзілася справа ад брата, і ў яе трапіў адзін аскепак. А сын быў у аскепках з ног да галавы», — расказвае Сяргей Перабійніс.

Старэйшаму сыну Сяргея Мікіту было 18 гадоў. Ён вучыўся на другім курсе ва ўнівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі на праграміста. Дачцэ Алісе было 9 гадоў, яна вучылася ў школе, а яшчэ ў сям’і былі двое сабак.

«Я выехаў з Ірпяня 17 лютага ў горад Данецк, на акупаваную тэрыторыю. Мая маці хварэла на COVID-19, і напярэдадні яна мне патэлефанавала, сказаўшы, што стан пагоршыўся, пачынаецца пнэўманія. Як толькі я туды заехаў, у горадзе пачалася прымусовая мабілізацыя ўсіх цывільных. Я да апошняга ня верыў, што пачнецца поўнамаштабная вайна на тэрыторыі Ўкраіны. Калі зьвязваўся з жонкай, я зьвязваў мабілізацыю з тым, што банальна пачнецца абвастрэньне толькі на Данбасе, як заўсёды гэта бывае».

Вярнуцца дадому да вайны Сяргею так і не ўдалося.

«24 лютага ўсё пачалося. А 5-й раніцы жонка мне напісала ў чат, што „над намі нешта праляцела“, ці то самалёты, ці то ракеты. У першы дзень я ім прапанаваў нікуды ня бегчы. Бо вы памятаеце, што ў той дзень былі велізарныя заторы, чэргі, хаос».

Празь некалькі дзён стала відавочна, што расейскія войскі ідуць на Кіеў з поўначы. Абстрэлы самой сталіцы Ўкраіны і яе прыгарадаў не спыняліся.

«У адзін зь дзён, па-мойму, гэта было ці 3 ці 4 сакавіка, наш мікрараён абстралялі зь мінамётаў. І ў наш жылы комплекс прыляцелі 3 міны. Гэта значыць, ужо было зразумела, што трэба ўцякаць. Яны з сынам загрузілі аўтамабіль з раніцы і ўжо хацелі зьяжджаць, але ў гэты дзень на нашу вуліцу зайшлі расейскія танкі. Пачаўся вулічны бой. Яны кінулі машыну і зноў схаваліся ў падвал. Мы ня тое каб разьвітваліся, але я папрасіў у іх прабачэньня за тое, што ня быў зь імі. За тое, што так атрымалася, што ня змог іх прыкрыць, абараніць. Але жонка не губляла аптымізму, яна сказала: „Мы прарвёмся, не хвалюйся, усё будзе добра“. Гэта былі апошнія яе словы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Украінскія генэралы расказалі, чаму Расеі будзе цяжка ўзяць Кіеў

Сяргей кажа, што яшчэ да вайны паставіў на тэлефоны сваіх родных праграму, якая вызначае геалякацыю. У дзень, калі ягоная жонка і дзеці загінулі, а 9-й гадзіне раніцы тэлефон жонкі паказаў геалякацыю ў 7-й гарадзкой лякарні, і ў гэты момант Сяргей зразумеў, што здарылася страшнае.

«Дзесьці яшчэ хвілін праз дваццаць-паўгадзіны я ўбачыў першы запіс у твітэры. У тэкставым выглядзе гаварылася, што на Раманаўцы быў мінамётны абстрэл і загінула сям’я. Затым прайшло яшчэ хвілін дваццаць і зьявілася першая фатаграфія. Вось гэтыя рэчы, раскіданыя на зямлі. Целы маіх дзяцей. А затым зьявілася першае відэа зь месца падзеі, дзе ўжо было выразна відаць падзеньне міны, сьмерць сям’і і гэты страшны крык сабакі зь пераноскі. Я патэлефанаваў у Кіеў сябрам і сказаў, што дзеці мёртвыя. Яны ляжаць у Раманаўцы на асфальце», — зь цяжкасьцю гаворыць Сяргей.

Эвакуацыя людзей з Ірпяня і Бучы пад Кіевам у фатаздымках

Таксама Сяргей Перабійніс адзначыў, што злачынствы Расеі ў вайне, яе забойствы мірных жыхароў трэба паказваць усяму сьвету.

«Я жыву і думаю на расейскай. І, нягледзячы на тое, што размаўляю на расейскай мове, я карэнны ўкраінец. Я хацеў бы пра гэта сказаць усім расейцам — я не нацыяналіст, ня нейкі там бандэравец! Я звычайны грамадзянін Украіны. Нас зьнішчаюць як нацыю! Я хачу, каб бачылі ва ўсім сьвеце, што робіцца ва Ўкраіне і як подла тут нас забіваюць».