Лукашэнка адрэагаваў на ўтварэньне ва Ўкраіне беларускага батальёну імя Кастуся Каліноўскага
Беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага ў Кіеве
Заява прагучала на нарадзе Лукашэнкі з супрацоўнікамі КДБ.
Некалькі дзён таму стала вядома, што беларусы стварылі ва Ўкраіне асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага для абароны Кіева. Больш за 200 беларусаў далучыліся да тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны, яшчэ некалькі сотняў маюць намер адправіцца ва Ўкраіну.
Аляксандар Лукашэнка падчас нарады 15 сакавіка з органамі дзяржбясьпекі назваў беларускіх дабараахвотнікаў, якія абараняюць Украіну ад расейскага ўварваньня, «звар’яцелымі грамадзянамі»:
«Крычаць усюды „Не — вайне, не — вайне!“, а фармуюць батальёны са звар’яцелых грамадзян. А пад гэта просяць грошы. Ну зразумела, што калі нават грошы дыяспара ці хтосьці за мяжой зьбярэ і накіруе ім, то 99% гэтых грошай асядзе ў іхных кішэнях, як гэта было да гэтага часу».
Ужо вядома пра двух забітых у баях за Ўкраіну беларускіх байцах. 4 сакавіка пад Кіевам загінуў беларускі добраахвотнік Ільля «Літвін». Напярэдадні ён быў паранены ў баях за Бучу пад Кіевам, яму пасьпелі зрабіць апэрацыю, але не ўратавалі. Пра гэта Свабодзе паведамілі ў беларускай роце батальёну тэрытарыяльнай абароны «Азоў». У палку «Азоў» Ільля ваяваў з 2014 году.
13 сакавіка ў тэлеграм-канале батальёна Кастуся Каліноўскага паведамілі пра сьмерць байца з псэўданімам «Тур», які ваяваў на баку Ўкраіны з 2014 году, уваходзіў у Тактычную групу «Беларусь». Яго сапраўднае імя Аляксей Скобля, яму быў 31 год, родам зь Менску. Пасьля нападу Расеі ва Ўкраіну 24 лютага сёлета беларус служыў у элітным украінскім атрадзе, выконваў складаныя і сакрэтныя заданьні. Ён загінуў, прыкрываючы адыход сваіх салдат.
«Сёньня пад Кіевам загінуў наш пабрацім Тур, ён стаяў ля вытокаў беларускага добраахвотніцкага руху ва Ўкраіне, — адзначаецца ў тэлеграм-канале. — Тур быў намесьнікам камандзіра групы, калі яго атрад трапіў у засаду. Ён загінуў, прыкрываючы адыход сваіх братоў».