Ва Ўкраіне загінуў беларус, які служыў у элітным украінскім атрадзе

Беларус Аляксей Скобля з пазыўным «Тур»
Беларус Аляксей Скобля з пазыўным «Тур»

Пра гэта паведамілі ў тэлеграм-канале батальёна Кастуся Каліноўскага.

«Сёньня пад Кіевам загінуў наш пабрацім Тур, ён стаяў ля вытокаў беларускага добраахвотніцкага руху ва Ўкраіне, — адзначаецца ў тэлеграм-канале. — Тур быў намесьнікам камандзіра групы, калі яго атрад трапіў у засаду. Ён загінуў, прыкрываючы адыход сваіх братоў».

Як даведалася Радыё Свабода, «Тур» ваяваў на баку Ўкраіны з 2014 году, уваходзіў у Тактычную групу «Беларусь». Яго сапраўднае імя Аляксей Скобля, яму быў 31 год, родам зь Менску. Пасьля нападу Расеі ва Ўкраіну 24 лютага сёлета беларус служыў у элітным украінскім атрадзе, выконваў складаныя і сакрэтныя заданьні. Ён загінуў, прыкрываючы адыход сваіх салдат.

У 2016 годзе Аляксей Скобля даў вялікае інтэрвію Радыё Свабода.

Першым беларусам, які загінуў сёлета ў вайне ва Ўкраіне, стаў 27-гадовы Ільля «Літвін» зь беларускай роты тэрытарыяльнай абароны батальёну «Азоў». Ільлю паранілі ў баях за Бучу, зрабілі апэрацыю, але гэта не дапамагло. 4 сакавіка беларус памёр.

Двое беларусаў параненыя, раненьні былі цяжкія, але жыцьцю ўжо нічога не пагражае.

Некалькі дзён таму стала вядома, што беларусы стварылі ва Ўкраіне асобны батальён імя Кастуся Каліноўскага для абароны Кіева. Больш за 200 беларусаў далучыліся да тэрытарыяльнай абароны Ўкраіны, яшчэ некалькі сотняў маюць намер адправіцца ва Ўкраіну.

​
XS
SM
MD
LG