Сьвятагорская Сьвята-Ўсьпенская лаўра да нападу расейцаў
Украінскі культурны фонд пачаў дакумэнтаваць расейскія ваенныя злачынствы супраць культурнай і рэлігійнай спадчыны.
Паводле папярэдняй інфармацыі, часткова зьнішчылі або пашкодзілі 12 рэлігійных цэнтраў:
пашкодзілі фасады і вокны помнікаў архітэктуры — будынкаў, якія ўваходзяць у архітэктурны манастырскі ансамбль Сьвятагорскай Сьвята-Ўсьпенскай лаўры ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя (Данецкая вобласьць);
часткова пашкодзілі Сьвята-Пакроўскую царкву ў горадзе Малін Жытомірскай вобласьці;
часткова зьнішчылі помнік гісторыі — драўляную Пакроўскую царкву Нараджэньня Прасьвятой Багародзіцы, пабудаваную ў 1862 годзе ў сяле Вязаўка Жытомірскай вобласьці;
часткова зруйнавалі царкву ў гонар сьвятога Ціхана Задонскага ў горадзе Гуляйполе Запароскай вобласьці;
чатыры царквы ў населеных пунктах Кіеўскай вобласьці — у Бобрыку, Заворычах, Бучы і Іванкаве;
пяць цэркваў у Харкаўскай вобласьці (чатыры ў Харкаве і адну ў Ізюме).
Пазьней Дзяржаўная служба Ўкраіны ў пытаньнях этнапалітыкі і свабоды слова ўдакладніла, што ад расейскіх абстрэлаў пацярпелі 28 культавых устаноў, у тым ліку сынагога ў Харкаве, якая на пачатку ХХ стагодзьдзя была найбольшай у Эўропе, а таксама Канстанцінаўская мячэць у Данецкай вобласьці.
Сьпікер Праваслаўнай царквы Ўкраіны архіяпіскап Яўстраці Зара перакананы, што расейскія войскі наўмысна абстрэльваюць украінскія храмы.
«Ня толькі храмы; мы ведаем і пра малітоўныя дамы пратэстанцкіх канфэсій, мы ведаем пра абстрэлы, бамбаваньне мячэці, якая знаходзіцца ў Марыюпалі, дзе ў падвале хаваліся больш за 80 чалавек. Пашкодзілі або разбурылі шэраг храмаў, у тым ліку храмы розных канфэсій — Праваслаўнай царквы Ўкраіны і Маскоўскага патрыярхату. Я думаю, што самым вядомым быў Сьвятагорскі манастыр пад Славянскам. Гэты манастыр быў вядомы сваёй асаблівай прыхільнасьцю да еднасьці з Расейскай праваслаўнай царквой. То бок гэта рэчы, якія выходзяць за рамкі любой лёгікі», — сказаў Яўстраці Зара ў інтэрвію праекту Радыё Свабода «Навіны Прыазоўя».
Яўстраці Зара таксама паведаміў, што ў акупаваным Бярдзянску расейскія вайскоўцы затрымалі і вывезьлі ў невядомым кірунку сьвятара Праваслаўнай царквы Ўкраіны айца Алега Нікалаева. Яшчэ аднаго сьвятара, што быў з камандай цывільнага карабля «Сапфір», захапілі ў палон і разам з экіпажам вывезьлі ў Крым.
«Я таксама ведаю, што ў некаторых гарадах Чарнігаўскай вобласьці прыяжджалі людзі, якія выглядалі як прадстаўнікі расейскіх спэцслужбаў, яны прыяжджалі на машынах з расейскімі нумарамі і шукалі сьвятара Праваслаўнай царквы Ўкраіны, які да акупацыі быў вядомы сваёй праўкраінскай патрыятычнай пазыцыяй», — дадаў сьпікер Праваслаўнай царквы Ўкраіны.
Пералічаныя злачынствы ўжо задакумэнтаваныя, але імаверна, што іх колькасьць насамрэч значна большая.
«Духоўнае злачынства»: у ПЦУ асудзілі дзеяньні патрыярха РПЦ, які перадаў абраз кіраўніку Расгвардыі
Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Ўкраіны Эпіфаній асудзіў дзеяньні патрыярха Рускай праваслаўнай царквы Кірыла (Гундзяева), які 13 сакавіка перадаў ікону Віктару Золатаву, кіраўніку Расгвардыі.
«Уручэньне ў нядзелю на літургіі кіраўніком Маскоўскага патрыярхату Кірылам Гундзяевым кіраўніку Расгвардыі абраза і пажаданьні «дабраславеньня» забойцам і душагубам — духоўнае злачынства. Пазыцыю кіраўніка РПЦ, які падтрымаў агрэсію супраць Украіны, павінны асудзіць усе рэлігійныя лідэры сьвету!» — заявіў кіраўнік Праваслаўнай царквы Ўкраіны.