Расейскія войскі ўпершыню за 13 дзён аблогі адкрылі блякаду Марыюпалю для мірных жыхароў

Наступствы абстрэлу Марыюпалю, 9 сакавіка 2022

У выніку блякады Марыюпалю расейскімі войскамі ў горадзе загінулі 2187 мірных жыхароў, паводле афіцыйных дадзеных.

Расейскія салдаты, якія трымаюць аблогу паўднёваўкраінскага гораду Марыюпалю, абстрэльваюць будынкі і аб’екты інфраструктуры, дазволілі выехаць з Марыюпалю ў Запарожжа першай калёне ў 160 прыватных аўтамабіляў.

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла, што 14 сакавіка з Марыюпалю па гуманітарным калідоры ў кірунку Бярдзянску змагла выехаць калёна са 160 прыватных аўтамабіляў.

«Цяпер вядома, што марыюпальцы, якія выехалі на ўласных аўтамабілях, ужо праехалі Бярдзянск і працягваюць рухацца ў кірунку Запарожжа. Таксама маем пацьвярджэньне, што па створаным гуманітарным калідоры выконваецца рэжым цішыні», — удакладнілі ў гарадзкой радзе.

Аднак гарадзкія ўлады пакуль нічога не паведамляюць пра гуманітарны груз, які напярэдадні выйшаў з Запарожжа ў Марыюпаль. Плянавалася, што пасьля разгрузкі дапамогі з Марыюпалю ў Запарожжа на гэтых аўтамабілях і аўтобусах змогуць эвакуаваць цывільных грамадзян.

Учора ў гарадзкой радзе Марыюпалю расказалі, што ў горадзе прагучалі ня менш як 22 выбухі за 24 гадзіны, было скінута каля 100 бомбаў.

«Менавіта зь неба найбольшая пагроза паходзіць для 400 тысяч марыюпальцаў, якія цяпер знаходзяцца ў горадзе. Такім чынам, закрыцьцё неба NATO над Украінай або забесьпячэньне неабходнымі сыстэмамі супрацьпаветранай абароны — гэта рашэньне, якое можа выратаваць сотні тысяч нявінных жыцьцяў па ўсёй Украіне», — гаворыцца ў заяве гарадзкой рады Марыюпалю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Улады Ўкраіны паведамілі аб расейскіх ударах па Аўдзееўцы, Севераданецку, Марыюпалі

Раней пра страты сярод цывільнага насельніцтва Марыюпалю расказала намесьніца міністра ўнутраных спраў Мэры Акап’ян. Тады лічба была меншая.

«За 12 дзён блякады гораду і бязьлітасных абстрэлаў жылых кварталаў расейскімі акупацыйнымі войскамі загінулі 1582 мірныя жыхары Марыюпалю. Гэта помста за непахіснасьць жыхароў, якія з 2014 году выказваюць сваю праўкраінскую пазыцыю. Але гэта робяць не вайскоўцы, а тэрарысты, якія бяруць у закладнікі ні ў чым не вінаватых мірных жыхароў», — сказала Акап’ян.

Яна дадала, што кругавая абарона Марыюпалю працягваецца, і ваенна-палітычнае кіраўніцтва Ўкраіны бачыць у яго блякадзе «праблему нумар адзін».

«Відавочна, што горад мае стратэгічнае значэньне для праціўніка, каб забясьпечыць наземны калідор у акупаваны Крым з акупаванай тэрыторыі поўдня Данецкай вобласьці, якая кантралюецца Расеяй», — пракамэнтавала намесьніца міністра.

З 24 лютага, з самага пачатку ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, Марыюпаль Данецкай вобласьці знаходзіцца пад пастаянным абстрэлам расейскага войска. З 3 сакавіка ўкраінскі горад фактычна блякаваны расейскімі вайскоўцамі. Падчас абстрэлаў у горадзе, паводле мясцовых уладаў, не хапае электрычнасьці, сувязі, газу, ацяпленьня і нават вады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памерла цяжарная жанчына, якая пацярпела падчас расейскага бамбаваньня радзільні ў Марыюпалі

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.