Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памерла цяжарная жанчына, якая пацярпела падчас расейскага бамбаваньня радзільні ў Марыюпалі

Эвакуацыя цяжарнай жанчыны з марыюпальскай радзільні пасьля бамбаваньня. 9 сакавіка
Эвакуацыя цяжарнай жанчыны з марыюпальскай радзільні пасьля бамбаваньня. 9 сакавіка

Ненароджанае дзіця пацярпелай таксама загінула.

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку журналістка «Голасу Амэрыкі» Ася Доліна.
Доліна адзначыла, што інфармацыю пра сьмерць цяжарнай, якая падчас авіяўдару расейскіх акупантаў знаходзілася ў марыюпальскай радзільні, пацьвердзіў фатограф Яўген Малалетка. Менавіта ён у той дзень рабіў фотарэпартаж зь месца падзеяў.

Раней яшчэ адна з пацярпелых падчас абстрэлу радзільні — Мар’яна Падгурская — нарадзіла дзяўчынку.

Два тыдні працягваецца аблога расейскімі войскамі Марыюпалю, што на Азоўскім моры; 400-тысячны горад акружаны з усіх бакоў, абясточаны, але абараняецца. Гараджане цярпяць ад голаду, холаду, нястачы вады, штогадзінных абстрэлаў.

Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка паведаміў, што расейскія войскі ўжо 6 дзён зрываюць падвоз гуманітарнага грузу ў Марыюпаль, горад застаеца ў блякадзе расейскіх войскаў.

Спроба гуманітанага канвою з Запарожжа ў Марыюпаль 13 сакавіка была зноў сарваная абстрэламі расейскіх войскаў.

Марыюпальская гарадзкая рада паведаміла, што ў выніку авіяцыйных удараў расейскімі самалётамі па дзіцячай лякарні 9 сакавіка загінулі тры асобы, у тым ліку адно дзіця. Атрымалі траўмы 17 чалавек — дзеці, жанчыны і лекары.

Авіяўдары па радзільні ў Марыюпалі выклікалі хвалю абурэньня і асуджэньня ва ўсім сьвеце.

Кіраўніца UNICEF Кэтрын Расэл заявіла, што яна «ў жаху ад нападу, у выніку якога, як паведамляецца, маленькія дзеці і жанчыны былі пахаваныя пад заваламі разбураных будынкаў. Мы пакуль ня ведаем колькасьці ахвяраў, але баімся найгоршага».

Віцэ-прэмʼер ураду Ўкраіны Ірына Верашчук сказала 10 сакавіка, што ў Марыюпалі насьпявае гуманітарная катастрофа.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG