Украінская поп-зорка Оля Палякова: У беларусаў яшчэ ёсьць шанец спыніцца

Оля Палякова. Архіўнае фота.

Папулярная ўкраінская сьпявачка, тэлевядоўца і акторка Оля Палякова ў эфіры Свабоды Premium заклікала беларусаў ня ўдзельнічаць у агрэсіі Расеі супраць Украіны і спрабаваць любымі спосабамі спыніць вайну.

Сьпявачка расказала, што ніхто зь беларускіх эстрадных выканаўцаў, з кім яна разам выступала на фэстывалях ці супрацоўнічала, не зьвязаўся зь ёй і ня выказаў падтрымкі.

Оля Палякова была вымушаная выехаць з Кіева з дваімі дзецьмі, а яе муж застаўся ва Ўкраіне абараняць Радзіму. Сьпявачка, якая зьбірала аншлягі на канцэртах у Беларусі, вельмі эмацыйна зьвярнулася да беларусаў падчас інтэрвію.

— Самае галоўнае, што беларусы могуць зрабіць для Ўкраіны — не ісьці на гэтую вайну. Я заклікала ва ўсіх сваіх сацсетках, заклікаю беларусаў цяпер. Вы брацкі народ; калі вы пойдзеце на Ўкраіну, вы назаўсёды можаце застацца ў зямлі ўкраінскай, бо вы ідзяце на вайну. Я прашу маці, жонак не адпускаць сваіх мужчын — класьціся ўпоперак дарогі, кідацца на іх, калечыць іх, проста каб яны ня мелі магчымасьці ісьці на гэтую вайну.

Што я магу сказаць усяму беларускаму народу? Гэта будзе катастрофа. Гэта ўжо катастрофа, што з тэрыторыі Беларусі ідуць войскі, што з тэрыторыі Беларусі бамбяць нашы гарады. Гэта ўжо страшнае здрадніцтва. Але калі яшчэ і вайскоўцы пойдуць ваяваць, гэта разбурыць адносіны паміж нашымі народамі не на дзясяткі, а на сотні і тысячы гадоў. Ніхто не даруе.

У нас гінуць дзеці. У адным Марыюпалі столькі цывільных людзей загінула. Мірных людзей хаваюць у брацкіх магілах у цэляфанавых пакетах. Гэта страшная, несправядлівая вайна. Сапраўдная, з бомбамі і сьмерцямі. Цяжарныя жанчыны, жанчыны зь дзецьмі. Расстрэльваюцца «зялёныя калідоры». Гэтая страшная вайна. Вам ня трэба ў гэтым браць удзел.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лідэр гурту «Океан Ельзи» Вакарчук: Беларусы, ня бойцеся, змагайцеся, мы дапаможам вам. ВІДЭА

Я зьвяртаюся да беларускага народу. Станьце ўсе разам і не пускайце сюды сваіх вайскоўцаў. Гэта ня ваша вайна. Не бярыце ў гэтым ніякага ўдзелу. Я пра гэта не стамлюся гаварыць. Які ж вы брацкі народ, калі ідзяце нас забіваць? За што? Мы на сваёй зямлі. Мы ў сваіх дамах, мы абараняем свой дом. Навошта вам гэта патрэбна? Каб што? Каб падтрымаць уладу вашага дыктатара?

Тое, што адбылося два гады таму, тое, што было волевыяўленьне беларускага народу, і тое, як гэта задушылі... У вас забралі шанец на свабоднае жыцьцё. Вы ж разумееце, што менавіта тады Лукашэнка дамовіўся з Пуціным у выпадку вайны з Украінай іх падтрымліваць. Вы павінны разумець, што Беларусь стала проста разьменнай манэтай у вайне Расейскай Фэдэрацыі супраць Украіны.

Гэта ня ваша вайна. За што вашы хлопчыкі будуць ваяваць? За якую ідэю? У нас кожны ўзяў у рукі зброю, усе хочуць міру, і ўсе хочуць абараняць сваю Радзіму. Зь якім пасылам беларусы пойдуць сюды ваяваць? За чые імпэрскія амбіцыі? За гэтых двух дыктатараў, якія вырашылі захаваць сваю ўладу? Яны яшчэ не нажэрліся ўладай больш як за 20 гадоў?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мы ня хочам страляць у беларусаў», — дарадца кіраўніка Офісу Зяленскага Аляксей Арастовіч

«Беларусы яшчэ маюць шанец спыніцца, пакінуць добрасуседзкія адносіны з нашай краінай»

— Вы неаднаразова выступалі ў Беларусі на розных пляцоўках і фэстывалях, сьпявалі разам зь беларускімі выканаўцамі. Ці падтрымаў вас хто-небудзь зь іх цяпер, ці напісаў вам, што мы ня хочам вайны, пацікавіўся, ці ў бясьпецы вы?

— Гэта для мяне незразумела і непрыемна. Я многіх ведала ў Беларусі. Я блізка працавала з адным выканаўцам зь Беларусі, які ўдзельнічаў ва Ўкраіне ў X-factor. Гэта Георгі Калдун. У нас былі цудоўныя адносіны, тым ня менш я не атрымала ад яго ніводнага асабістага паведамленьня, на жаль. Ня ведаю, што рухае людзьмі, калі яны нават не пытаюцца, як вы, ці ў бясьпецы, як дзеці, ці патрэбная дапамога. Нічога такога не адбываецца ні зь беларусамі, ні з маімі расейскімі калегамі. Ёсьць сябры, якія разумеюць, што адбываецца, і яны непакояцца. З расейскіх калег ніхто не пазваніў, не напісаў і не запытаў, як мы.

Я знаходжу гэтаму тлумачэньне. Мне здаецца, яны баяцца даведацца праўду. Калі даведваесься праўду, зь ёй трэба неяк жыць і нешта рабіць. Я разумею, якая прапаганда нясецца і ў Расеі, і ў Беларусі. Людзям запудрываюць мазгі і расказваюць рознае глупства пра тое, што ва Ўкраіне нацысты і фашысты.

Я расейскамоўная сьпявачка. У мяне няма практычна ніводнай песьні на ўкраінскай мове. Да вайны была супэрзоркай у сваёй краіне. Я зьбірала стадыёны па ўсёй краіне. Два гады таму я сабрала аншляг на львоўскім стадыёне. Гэта самы ўкраінскамоўны рэгіён, і там расейскамоўная сьпявачка сабрала аншляг. Усе размовы, што прыціскаюць расейцаў і расейскую мову... А я сабрала стадыён на 35 тысяч чалавек у самым украінскім рэгіёне.

Як можа быць фашысцкай краіна, у якой прэзыдэнт габрэй? Якіх расейцаў яны там абараняюць, калі яны сьціраюць зь зямлі расейскамоўныя гарады? У Харкаве і Марыюпалі 90% людзей размаўляюць на расейскай мове. Расейскія войскі зьнішчаюць расейскамоўныя гарады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экс-прэм’ер Украіны беларусам: Лукашэнка цяпер ніхто, завяршыце, што распачалі два гады таму

— У 2014 годзе, калі Расея акупавала Крым, быў вельмі моцны верш Анастасіі Дзьмітрук «Ніколі мы ня будзем братамі». Сказалі б вы так цяпер у адносінах да расейцаў? А беларусам?

— Ці будзем мы зь беларусамі і з расейцамі братамі? Тое, што цяпер адбываецца, ужо моцна рассварыла нашы народы. Але ў беларусаў яшчэ ёсьць шанец спыніцца, ёсьць шанец пакінуць добрасуседзкія (пра брацкія ўжо не кажу) адносіны з нашай краінай. Беларусы, ня ўдзельнічайце ў гэтай вайне. Я заклінаю. Гэта сьмяротная вайна. У нас кожны чалавек на сваёй зямлі будзе абараняць свой дом. Вайскоўцы проста пойдуць у пекла, у мясарубку. Калі прыйдуць на нашу зямлю, іх чакае толькі сьмерць. Навошта? Дзеля чаго?

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Доктар Камароўскі беларусам: Падымайце бунт у канцлягеры, інакш застаняцеся там надоўга

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Чаму беларусы лічаць сябе закладнікамі, рабамі Лукашэнкі?». Дэпутат Вярхоўнай Рады Ганчарэнка пра адказнасьць за вайну