Нацыянальная атамная кампанія «Енергоатом» заявіла, што паведаміла генэральнаму дырэктару МАГАТЭ, што пэрсанал Чарнобыльскай АЭС больш не займаецца рамонтам і абслугоўваньнем абсталяваньня станцыі.
«211 чалавек — тэхнічны пэрсанал і супрацоўнікі службы аховы — па-ранейшаму ня могуць зьмяніцца. Яны заступілі на зьмену напярэдадні расейскага ўварваньня на тэрыторыю аб’екта. У сувязі з тым, што сытуацыя пагаршаецца, усё больш актуальнай становіцца ініцыятыва МАГАТЭ ў гарантаваньні бясьпекі і фізычнай бясьпекі ўкраінскіх АЭС», — заявіў 13 сакавіка генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі Рафаэль Мар’яна Гросі на сайце арганізацыі.
Раней генэральны дырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў пацьвердзіў, што на Чарнобыльскай і Запароскай АЭС знаходзяцца расейскія атамнікі, якія «аказваюць кансультацыйную дапамогу» ўкраінскаму пэрсаналу станцый.
14 сакавіка «Росатом» паведаміў, што кіраваньне і эксплуютацыю Запароскай і Чарнобыльскай АЭС ажыцьцяўляе ўкраінскі пэрсанал, а «пры кансультацыйнай дапамозе расейскіх спэцыялістаў аднаўляецца энэргазабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС і сыстэма фізычнай абароны Запароскай АЭС».
Паводле іх, усе захады ажыцьцяўляюцца ў цесным кантакце з кіраўніцтвам МАГАТЭ.
Праз супярэчлівасьць заяў украінскіх і расейскіх атамнікаў, а таксама Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі, цяжка зрабіць высновы, што сапраўды адбываецца на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС і хто ажыцьцяўляе кантроль за сыстэмамі бясьпекі.
Дакладна вядомая колькасьць расейскіх атамнікаў на Запароскай АЭС — іх 11, і, паводле МАГАТЭ, «яны ў пытаньні эксплюатацыі ядзерных установак ня ўмешваюцца».
Ва ўкраінскім «Енергоатоме» пацьвердзілі, што цяпер усё 6 блёкаў Запароскай АЭС знаходзяцца пад кантролем украінскага пэрсаналу, які, у адрозьненьне ад чарнобыльскага, можа працаваць на ратацыйнай аснове.
У той жа час украінцы зьвяртаюць увагу на тое, што на тэрыторыі станцыі знаходзіцца 50 адзінак вайсковай тэхнікі, каля 400 расейскіх вайскоўцаў і шмат выбухоўкі і зброі.
«Фармальна акупанты ня ўмешваюцца ў працу АЭС, але ўсе тэхнічныя рашэньні пэрсанал вымушаны ўзгадняць з камандзірам захопнікаў. Супрацоўнікі станцыі знаходзяцца пад моцным псыхалягічным ціскам з боку акупантаў, увесь пэрсанал па прыбыцьці на станцыю старанна правяраюць узброеныя тэрарысты. Усё гэта нэгатыўна адбіваецца на працы і ставіць пад пагрозу ядзерную і радыяцыйную бясьпеку», — падкрэсьлілі ва ўкраінскай кампаніі «Енергоатом».
У Славуцічы паведамілі, што з раніцы 14 сакавіка ЧАЭС і горад зноў заставаліся без электрычнасьці
«Учора ўдалося аднавіць электразабесьпячэньне ЧАЭС на некалькі гадзін, але ненадоўга. Зноў лінія не працуе», — адзначаецца ў паведамленьні гарадзкой рады Славуціча.
Паводле яе, горад забясьпечаны цяплом і вадой, але паліва засталося вельмі мала, таму «няма магчымасьці запраўляць машыны для дастаўкі дроваў і малака».
Гарадзкія ўлады зьвярнуліся да жыхароў горада з просьбай падзяліцца запасамі паліва.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У зоне адчужэньня каля Чарнобылю пачаліся пажары. Пэрсанал АЭС ужо 18 дзён у закладнікахУвечары 13 сакавіка міністар энэргетыкі Ўкраіны Герман Галушчанка заявіў аб аднаўленьні электразабесьпячэньня Чарнобыльскай АЭС, страчанага ў выніку пашкоджаньня высакавольтнай лініі ад абстрэлаў расейскімі войскамі. Больш як два дні расейцы не дазвалялі ўкраінскім энэргетыкам выехаць на месца для рамонтных работ. Звыш двух сутак сыстэмы бясьпекі ядзерных аб’ектаў Чарнобыльскай АЭС і зоны адчужэньня сілкаваліся ад дызэльных генэратараў.
9 сакавіка Лукашэнка казаў Пуціну, што электрычнасьць на станцыю падалі нібыта зь Беларусі, але ў Кіеве гэта зьняпраўдзілі.
Украінская кампанія «Енергоатом» а 12.30 паведаміла, што ў другі раз аднавіла энэргазабесьпячэньне Чарнобыльскай АЭС. Але ўкраінскія атамнікі не выключаюць новых выпадкаў адключэньня.
«Пэрсанал ЧАЭС, які не зьмяняўся з пачатку вайсковай агрэсіі Расеі, зьнясілены псыхалягічна і фізычна, і ня можа забясьпечыць якаснае ўтрыманьне станцыі. Адзінай гарантыяй бясьпекі ЧАЭС ёсьць поўны вывад расейскіх войскаў са станцыі», – заявілі ва ўкраінскай кампаніі.
Праз паўгадзіны кампанія «Укренерго» паведаміла, што лінія зноў пашкоджана і ЧАЭС зноў засталася без электрычнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Ніводная АЭС у сьвеце не разьлічаная на абарону ад ракеты „Іскандэр“». Украінскі экспэрт пра рэальнасьць «новага Чарнобылю»Удзень 13 сакавіка стала вядома пра чатыры эпіцэнтры пажару ў зоне адчужэньня. Пакуль невядома, ці павялічваецца іхная плошча.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.