Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У зоне адчужэньня каля Чарнобылю пачаліся пажары. Пэрсанал АЭС ужо 18 дзён у закладніках

Чарнобыльская АЭС з 24 лютага знаходзіцца пад кантролем расейскай арміі
Чарнобыльская АЭС з 24 лютага знаходзіцца пад кантролем расейскай арміі

У прыватнасьці, пажары зафіксавалі каля ўкраінскіх паселішчаў Палескае, Бабёр, Сьцячанка, а таксама ў раёне населеных пунктаў Рудня-Верасьня Кіеўскай вобласьці, якія знаходзяцца ў 30-кілямэтровай зоне ад мяжы зь Беларусьсю.

Дзяржаўнае спэцыялізаванае прадпрыемства «Екоцентр», якое ажыцьцяўляе радыяцыйны маніторынг у зоне адчужэньня, са спасылкай на зьвесткі сыстэмы NASA FIRMS, паведаміла аб чатырох пажарах, плошча якіх з кожным днём павялічваецца.

У прыватнасьці, пажары зафіксавалі каля ўкраінскіх паселішчаў Палескае, Бабёр, Сьцячанка, а таксама ў раёне населеных пунктаў Рудня-Верасьня Кіеўскай вобласьці, якія знаходзяцца ў 30-кілямэтровай зоне ад мяжы зь Беларусьсю.

Паводле генэральнага дырэктара «Екоцентру» Сяргея Кірыева, за зьвесткамі NASA Firms, пажары ў раёне Сьцячанкі павялічыліся ў памеры да 2 км², а ў раёне паселішча Бабёр — до 10 км².

«Пэўна, узгараньне пачалося ў выніку ўзброенай агрэсіі Расеі, а менавіта ад снарада ці наўмыснага падпалу. Згодна з клясыфікацыйнымі прыкметамі надзвычайных сытуацый, крытэрыі пажараў у зоне адчужэньня не павінны перавышаць аб’ёмы 0,05-0,2 км², але наяўны стан плошчы пажараў перавышае гэтыя паказьнікі ў дзясяткі разоў», — сьцьвярджае дырэктар.

Сяргей Кірыеў падкрэсьліў, што найбольшую пагрозу нясуць цяперашнія пажары на тэрыторыях са значнымі ўзроўнямі забруджваньня і ў месцах разьмяшчэньня інфраструктуры радыяактыўных адкідаў у межах 10-кілямэтровага радыюсу вакол ЧАЭС.

Праз часовую акупацыю аварыйна-ратавальныя службы ня могуць выехаць на тушэньне пажараў.

Пэрсанал ЧАЭС у закладніках 18 дзён

Тым часам 211 супрацоўнікаў захопленай расейцамі Чарнобыльскай АЭС ужо 18 дзён праз забарону ратацыі вымушаны жыць і працаваць на станцыі.

Генэральны дырэктар Міжнароднага агенцтва атамнай энэргетыкі Рафаэль Мар’яна Гросі заявіў, што цяперашняя сытуацыя на абедзьвюх захопленых Расеяй атамных станцыях, у Чарнобылі і Энэргадары, пярэчыць аднаму зь сямі абавязковых прынцыпаў ядзернай бясьпекі.

У размове зь ім генэральны дырэктар «Росатома» Аляксей Ліхачоў пацьвердзіў, што на Чарнобыльскай і Запароскай АЭС знаходзяцца расейскія атамнікі, якія «аказваюць кансультацыйную дапамогу» ўкраінскаму пэрсаналу станцый.

Украінская экспэртка ў пытаньнях энэргетыкі Вольга Кашарна заявіла, што ўкраінскія атамнікі не патрабуюць ніякіх кансультацый з супрацоўнікамі «Росатома».

«Нашы энэргаблёкі прайшлі мадэрнізацыю, якая ня сьнілася „Росатому“! Нашы энэргаблёкі прайшлі стрэс-тэсты пасьля аварыі на Фукусіме паводле мэтадалёгіі Эўразьвязу, у адрозьненьне ад расейскіх. МАГАТЭ і ЭЗ вэрыфікавалі справаздачы аб стрэс-тэстах», — падкрэсьліла экспэртка.

«Гэта нашыя атамнікі могуць кансультаваць расейскіх, а не наадварот», — дадала яна.

У Славуцічы нованароджаных дзяўчатак называюць Вікторыямі

Галоўнай праблемай Чарнобыльскай АЭС і навакольля па-ранейшаму застаецца адсутнасьць электрычнасьці, якая забясьпечвала працу ўсіх сыстэм бясьпекі ядзерных аб’ектаў станцыі, зоны адчужэньня і гораду Славуціча, пабудаванага фактычна для абслугоўваньня Чарнобыльскай АЭС.

Высакавольтная лінія электраперадач пашкоджаная 9 сакавіка пры абстрэле расейскім войскам.

Гарадзкія ўлады Славуціча паведамілі, што горад забясьпечаны цяплом і вадой.

«Чакаем завяршэньня работ „Укренерго“ ў аднаўленьні электразабесьпячэньня ЧАЭС і Славуціча».

Напярэдадні камунальныя службы і валянтэры развозілі па кварталах дровы.

«За час вайны ў горадзе нарадзіліся 13 дзяцей — 11 дзяўчатак і 2 хлопчыкі. Большасьць дзяўчатак бацькі плянуюць назваць Вікторыямі. Перамога за намі. Славуціч пад сьцягам Украіны», — паведамілі ў Славуціцкай гарадзкой радзе.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG