Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў напісаў у сваім тэлеграм-канале, што прыехаў у зону баявых дзеяньняў ва Ўкраіне і знаходзіцца пад Кіевам.
«З аднаго боку Кіева заходзім мы, а з другога — старыя спрактыкаваныя байцы пад кіраўніцтвам майго дарагога брата Адама Дэлімханава, якія прайшлі дзьве ваенныя кампаніі і шмат разоў дэманстравалі свае баявыя здольнасьці і дух», — заявіў Кадыраў і дадаў, што распаўсюджаны напярэдадні відэазапіс аб ягоным знаходжаньні ва Ўкраіне быў зроблены нібыта ў Гастомелі пад Кіевам.
Днём раней тэлеграм-канал тэлеканалу «Грозный ТВ», афіцыйнага тэлеканалу Чачэнскай рэспублікі, распаўсюдзіў цёмныя кадры з подпісам: «Кіраўнік ЧР Рамзан Кадыраў разам з байцамі, якія ўдзельнічаюць у спэцыяльнай ваеннай апэрацыі ва Ўкраіне».
Адзін з вайскоўцаў у гэтым відэа дакладвае Кадыраву, які стаіць побач з партрэтам свайго бацькі, Ахмата Кадырава, аб пасьпяховым «ўзяцьці» дзіцячага дома за 7 км ад Кіева.
«Стратэгія, якую вы нам падказалі, аказалася на 100% правільнай, — кажа вайсковец у відэа. — Мы ня сталі рабіць „зачыстку“ вёскі, а падышлі нахабнада гэтага дзіцячага дома. Але дзяцей там не аказалася: толькі дзьве нянечкі плакалі і ложкі былі яшчэ цёплыя! „Эсбэушнікі“ ўчора пад выглядам Чырвонага Крыжа вывезьлі гэтых дзяцей у Кіеў».
Дзе менавіта зьнята гэтае відэа і пра які дзіцячы дом ідзе гаворка — канал не паведаміў.
Дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка заявіў, што Кадыраў абмяркоўваў са сваім спэцназам «выкраданьне ўкраінскіх дзяцей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Грозным Кадыраў сабраў больш за 12 тысяч «добраахвотнікаў, гатовых выехаць на любую спэцапэрацыю»Ва Ўкраіну цяперашні час накіраваны чачэнскія часткі Расгвардыі, якія прымалі ўдзел у баях за некалькі гарадоў. А блізкія да кіраўніка Чачні рэсурсы, у тым ліку тэлеграм-канал Kadyrov_95, распаўсюджваюць відэа, у якіх кадыраўцы паведамляюць аб захопе населеных пунктаў ва Ўкраіне і аб тым, што раздаюць там прадукты мясцовым жыхарам. Адно з апошніх відэа паведамляе аб тым, што кадыраўцы знаходзяцца ў захопленым расейскімі войскамі Мелітопалі, там нядаўна выкралі законна абранага мэра горада Івана Фёдарава.
З украінскага боку аб знаходжаньні Кадырава ва Ўкраіне паведамляў дарадца Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка. Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны пакуль не рабіла адпаведных заяў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Памерла цяжарная жанчына, якая пацярпела падчас расейскага бамбаваньня радзільні ў МарыюпаліГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Абстрэлы Кіева і Жытоміра, блякада Марыюпалю. Што адбываецца ў 19-ы дзень вайны Расеі супраць УкраіныВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.