Усясьветна вядомы амэрыканскі палітоляг і філёзаф Фрэнсіс Фукуяма даў прагноз наступстваў для Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
Прагнозы Фрэнсіса Фукуямы, якія складаюцца з 12 пунктаў, апублікаваў онлайн-часопіс American Purpose.
- 1. Поўная параза Расеі ва Ўкраіне ўсё бліжэй. Расею падвяло плянаваньне, заснаванае на лжывай здагадцы, што ўкраінцы добразычліва ставяцца да Расеі, а войска Ўкраіны падзе адразу пасьля ўварваньня. Расейскія салдаты везьлі з сабой уніформу для параду ў Кіеве замест дадатковай амуніцыі і харчоў. Цяпер Пуцін накіраваў на гэтую апэрацыю асноўную частку сваіх сіл — у яго няма вялікіх рэзэрваў, якія можна было задзейнічаць у баі. Расейскія войскі загразлі пад рознымі ўкраінскімі гарадамі і цярпяць ад недахопу рэсурсаў і пастаянных нападаў украінцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Першы ракетны абстрэл Львоўскай вобласьці, на ЧАЭС зноў зьявілася электрычнасьць. 18-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны- 2. Крах іх становішча мог быць раптоўным і катастрафічным, а не адбывацца павольна ў выніку вайны на зьнясіленьне. Войска ў палявых умовах дасягне пункту, калі яно ня зможа ні атрымаць рэсурсы, ні адступіць, і баявы дух выпарыцца. Прынамсі, гэта ўжо адбываецца на поўначы Ўкраіны; расейцы адчуваюць сябе лепш на поўдні, але гэтыя пазыцыі будзе цяжка ўтрымаць, калі групоўкі на поўначы будуць разьбітыя.
- 3. Да таго, як гэта адбудзецца, дыпляматычнае рашэньне канфлікту немагчымае. Не існуе мажлівага кампрамісу, прымальнага як для Расеі, так і для Ўкраіны, улічваючы панесеныя імі на гэты момант страты.
- 4. Рада Бясьпекі ААН чарговы раз даказала сваю бескарыснасьць. Адзінай карыснай рэччу было галасаваньне на Генэральнай Асамблеі, якое дапамагае выявіць дрэнных ці ўніклівых гульцоў у сьвеце.
- 5. Абодва рашэньні адміністрацыі Байдэна — не закрываць неба над Украінай і не перадаваць ёй польскія «МіГі» —былі правільнымі. Яны захавалі халодную галаву ў гэты вельмі эмацыйны час. Лепш, каб украінцы перамаглі расейцаў самастойна, пазбавіўшы Маскву магчымасьці апраўдацца, што на іх напала NATO, а таксама пазьбегнуўшы відавочных магчымасьцяў эскаляцыі. Польскія «МІГі» ня надта дапамаглі б украінцам. Значна важней бесьперапынная пастаўка Javelins, Stingers, TB2, лекаў, камунікацыйнага абсталяваньня для сувязі і абмену выведнымі дадзенымі. Я думаю, што ўкраінскія сілы ўжо карыстаюцца дадзенымі выведкі NATO, якая дзейнічае за межамі Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У розных гарадах Расеі праходзяць антываенныя акцыі. Больш за 800 затрыманых- 6. Украіна плаціць вельмі вялікую цану, гэта праўда. Але больш за ўсё шкоды наносяць ракеты і артылерыя, зь якімі ні «МіГі», ні беспалётная зона нічога ня могуць зрабіць. Адзінае, што спыніць кровапраліцьце — гэта параза расейскага войска на зямлі.
- 7. Пуцін не перажыве паразы свайго войска. Яго падтрымліваюць, бо лічаць моцным чалавекам; што ён зможа прапанаваць, калі прадэманструе некампэтэнтнасьць і будзе пазбаўлены сваёй сілы прымусу?
- 8. Уварваньне нанесла велізарную шкоду папулістам ва ўсім сьвеце, якія да нападу выказвалі сымпатыю да Пуціна — Матэа Сальвіні, Жаіру Балсанару, Марын Лё Пэн, Віктару Орбан і, вядома, Дональду Трампу. Палітыка вайны агаліла іх адкрыта аўтарытарныя схільнасьці.
- 9. Гэтая вайна ў пэўнай ступені — добры ўрок для Кітаю. Як і Расея, Кітай на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя нарошчваў нібыта высокатэхналягічныя вайсковыя сілы, але гэтыя сілы ня маюць рэальнага баявога досьведу. Кітайская авіяцыя, пэўна, паўторыць сумны прыклад расейскіх паветраных сілаў, у якіх таксама няма досьведу складаных апэрацый у паветры. Мы можам спадзявацца, што кітайскае кіраўніцтва ня будзе жыць такімі ж ілюзіямі, як расейцы, абдумваючы будучыя дзеяньні супраць Тайваню.
- 10. Спадзяёмся, што Тайвань самастойна зразумее, што трэба рыхтавацца да бою, гэтак сама, як гэта рабілі ўкраінцы, і адновіць прызыў на вайсковую службу.
- 11. Турэцкія дроны «Байрактар» сталі бэстсэлерамі.
- 12. Параза Расеі зробіць магчымым «новае нараджэньне свабоды» і пазбавіць нас ад турботы з нагоды заняпаду глябальнай дэмакратыі. Дух 1989-га будзе жыць і далей, і ўсё дзякуючы групе адважных украінцаў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.