У розных гарадах Расеі праходзяць антываенныя акцыі. Больш за 800 затрыманых

абноўлена
Сілавікі ў Маскве, архіўнае фота
Сілавікі ў Маскве, архіўнае фота

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны заклікаў людзей на пратэст супраць вайны аб 14 гадзіне на галоўных плошчах гарадоў.

У Расеі зьняволены апазыцыйны палітык Аляксей Навальны чарговы раз заклікаў грамадзян краіны выходзіць на акцыі пратэсту супраць поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пачалася антываенная акцыя на Манежнай плошчы ў Маскве

Паліцыя пачала затрымліваць мітынгоўцаў.

«Звар'яцелага маньяка Пуціна хутчэй за ўсё спыніць зараз народ Расеі, калі выступіць супраць вайны», — гаворыцца ў паведамленьні, апублікаваным у інстаграме Навальнага.

Як паведамляе «ОВД-Инфо», агулам у сувязі з антываеннымі акцыямі з пачатку вайны ва Ўкраіне расейскія сілавікі затрымалі больш за 14000 чалавек. За сёньня па стане на 20.00 ўжо затрымалі 817 чалавек. Амаль палову затрымалі ў Маскве, агулам затрыманьні ўжо прайшлі ў 37 гарадах Расеі.

Пратэсты прайшлі ў Омску, Уладзівастоку, Іркуцку, Екацярынбургу, Маскве і іншых гарадах Расеі.

Затрымліваюць за надпісы на вопратцы «Не вайне!», плякаты «Украіна, ты маеш рацыю!», за зорачкі замест словаў на плякатах і проста за аплядысмэнты пікетоўцам.

Рэдакцыя паведаміла, што паліцыянт біў галавой аб стол і душыў затрыманую ва Ўладзівастоку ўдзельніцу антываеннай акцыі Анастасію Катляр, пра гэта сама Катляр распавяла «ОВД-Инфо». Пазьней дзяўчыну адвезьлі ў лякарню.

​
XS
SM
MD
LG