Беларускі «Тэхнабанк» вызначыў ліміты на апэрацыі па картках
Офіс «Тэхнабанка» ў Гомлі. Архіўнае фота
Днямі «Беларусбанк» таксама ўвёў абмежаваньні на зьняцьце гатоўкі і безнаяўны разьлік за межамі Беларусі.
«Тэхнабанк» увёў абмежаваньні на апэрацыі з выкарыстаньнем банкаўскіх картак, паведамляецца на сайце фінансавай установы.
Ліміт для наяўных расходных апэрацый па картках, аформленых да рахункаў у далярах і эўра, вызначаны ў памеры 2 000 даляраў і 500 эўра на дзень адпаведна.
Ліміты ў сыстэме дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўваньня — інтэрнэт-банк і мабільная праграма, на безнаяўны продаж замежнай валюты па картках (папаўненьне праз АРІП валютных картак, пераводы паміж карткамі з валютай рахунку ў беларускіх рублях на картку ў замежнай валюце) вызначаны ў памеры 2000 даляраў і 100 эўра за дзень адпаведна.
Зьняцьце наяўных грошай у далярах і эўра з картак у беларускіх рублях часова прыпынена.
Раней шэраг беларускіх банкаў пачалі ўводзіць абмежаваньні на зьняцьце гатоўкі за мяжой, а таксама зьняцьце даляраў з укладаў.
Так, 12 сакавіка, «Беларусбанк» увёў абмежаваньні на зьняцьце гатоўкі і безнаяўны разьлік за межамі Беларусі. Абмежаваньне тычыцца картак Visa, Mastercard і Maestro, прывязаных да рублёвых рахункаў. Ліміт — 400 беларускіх рублёў на дзень.