У Мікалаеве расейцы бамбяць завод, які прадаваў газатурбінныя рухавікі для стратэгічных прадпрыемстваў Беларусі

Наступствы абстрэлаў Мікалаева, 7 сакавіка 2022

Кіраўнік Мікалаеўскай абласной вайсковай адміністрацыі паведаміў, што раніцай 13 сакавіка расейскія войскі абстралялі вядомы ва Ўкраіне і за яе межамі дзяржаўны завод «Зоря»—«Машпроект», які вырабляе газатурбіннае абсталяваньне.

Завод, на якім працуе 8 300 чалавек, актыўна супрацоўнічаў зь Беларусьсю. У 2018 годзе «Зоря»—«Машпроект» адкрыла сваё прадстаўніцтва ў Беларусі, але ў сувязі з палітычнай сытуацыяй яно было закрыта ў лютым 2021 году. Вядома, што менавіта гэтае прадпрыемства паставіла і абслугоўвае дзьве газатурбінныя ўстаноўкі на Бярозаўскую ДРЭС і адну — на цэмэнтны завод у Касьцюковічах.

З 2005 году на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе працуе кагенэрацыйная электрастанцыя, створаная на базе газатурбіннага рухавіка Мікалаеўскага заводу. Палівам для гэтай электрастанцыі зьяўляецца так званы «сухі газ», які на 26% складаецца з вадароду.

Прадпрыемства ўваходзіць у склад дзяржаўнага канцэрну «Укроборонпром», на ім распрацоўваюць і выпускаюць газавыя турбіны для караблёў і суднаў, для электраэнэргетыкі і газатранспартных магістраляў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Пінску 9 дзяцей – уцекачоў ад вайны з Украіны згубілі бацькоў. Ім шукаюць апекуноў