У Пінску 9 дзяцей – уцекачоў ад вайны з Украіны згубілі бацькоў. Ім шукаюць апекуноў

Украінскія ўцекачы ад вайны
Украінскія ўцекачы ад вайны

Дзе знаходзяцца іхныя бацькі, дзеці ня ведаюць.

У Пінску гарадзкія ўлады разам з органамі апекі шукаюць апекуноў для дзяцей з Украіны, якія, ратуючыся ад вайны, апынуліся на тэрыторыі Беларусі. 27 лютага 2022 году яны разам з дарослымі перасеклі ўкраінска-беларускую мяжу і дабраліся да Пінску, піша «Мэдыя-Палесьсе».

Дзяцей па ўзгадненьні зь мясцовымі ўладамі размясьціла ў сябе сярэдняя школа «Бэйс-Агарон», у якой вучацца дзеці з габрэйскіх сем’яў. Дзеці, якія прыбылі ў Пінск, таксама габрэі. Ім забясьпечылі пражываньне і кашэрнае харчаваньне.

Першапачаткова дзяцей было адзінаццаць. Пасьля ў дзьвюх дзяўчынак-сясцёр у Малдове знайшлася маці і сямʼя ўзьядналася. Цяпер мама і дочкі ўжо знаходзяцца ў Ізраілі.

Дзевяць малалетніх уцекачоў па-ранейшаму застаюцца ў Пінску. З дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць асобу, у некаторых толькі пасведчаньні аб нараджэньні, замежны пашпарт або фота пашпарта ў мабільным тэлефоне.

Дзе знаходзяцца іхныя бацькі, дзеці ня ведаюць. Сувязі зь імі ў іх няма. Органы ўнутраных справаў Пінска правялі ідэнтыфікацыю дзяцей. Іх зьвесткі накіравалі ў амбасаду Ўкраіны ў Беларусі.

Згодна з заканадаўствам, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, накіроўваюць у сацыяльны прытулак.

​
XS
SM
MD
LG