Пра гэта ўкраінскай службе Радыё Свабода распавёў журналіст з Хэрсона Канстанцін Рыжэнка, якога таксама шукаюць.
Паводле яго слоў, у расейцаў ёсьць сьпісы актывістаў, якія выступаюць супраць вайны і акупацыі, ці проста выказвалі сваю праўкраінскую пазыцыю. Таксама шукаюць тых, хто фатаграфуе перамяшчэньне расійскай тэхнікі і перадае інфармацыю ўкраінскім сілавікам.
«Апошнія некалькі дзён, калі ў горад завезьлі СОБР і Расгвардыю, прадстаўнікі Расгвардыі пачалі хадзіць па дамах і выбіваць дзеверы актывістам, былым супрацоўнікам СБУ, былым вайскоўцам. Пагражаюць журналістам. Ёсьць інфармацыя, што аднаго журналіста забралі, але гэта неправераная інфармацыя. Мне некалькі разоў перадавалі інфармацыю, што канкрэтна мяне шукаюць. Чамусьці з фотаробатам. Яны заходзілі ў пад’езды на канкрэтныя паверхі, выбівалі канкрэтныя дзьверы і пераварочвалі пэўныя кватэры», — распавёў Радыё Свабода Канстанцін Рыжэнка.
Цяпер расейскія сілавікі ачапілі Дняпроўскі рынак, адзін з найбуйнейшых у горадзе. Ва ўсіх, хто хоча прайсьці на тэрыторыю рынку, ці выйсьці адтуль, правяраюць тэлефоны і глядзяць, ці перадаваў чалавек інфармацыю аб перамяшчэньні расейскай тэхнікі ў чат-бот СБУ, распавёў Канстанцін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Зяленскі назваў шэсьць пунктаў Украіны, якім прысвоілі званьне «гарадоў-герояў» за супраціў расейскай агрэсіі
«Акупанты занялі СІЗА, якое раней выкарыстоўвалі як гарадзкі выцьвярэзьнік. Колькі чалавек туды ўжо прывезьлі — я не ведаю і ніхто не ведае. Вельмі шмат затрыманьняў было ў Новай Кахоўцы. Мне мясцовыя актывісты гавораць, што там настолькі шмат затрыманьняў, што ўжо не хапае месцаў у камэрах, і людзей проста зганяюць у гаражы мясцовга аддзяленьня МУС і там трымаюць іх. У іх ёсьць пэўныя сьпісы, і па іх пачалі працаваць. А потым яшчэ вылічваюць тых, хто адначасова стаў актыўным у працэсе вайны», — кажа Рыжэнка.
1 сакавіка расейскія войскі, абстрэльваючы шматпавярхоўкі, распачалі штурм Хэрсона. На наступны дзень расейскія вайскоўцы вылучылі патрабаваньні жыхарам горада, а праз дзень захапілі тэлевежу. Горад да гэтага часу ў акупацыі.
Жыхары выходзяць на мірныя мітынгі супраць акупацыі. 9 сакавіка Генштаб ВСУ паведаміў: «У сувязі з моцным супрацівам жыхароў горада Хэрсон, акупанты спрабуюць увесьці адміністрацыйна-паліцэйскі рэжым, для чаго ў Хэрсонскую вобласьць уведзеныя падразьдзяленьні Расгвардыі, якія зьдзейсьнілі антызаконнае затрыманьне больш як 400 грамадзянаў Украіны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Foreign Policy: Расея падрыхтавала сьпісы для арыштаў і забойстваў ва Ўкраіне. Там ёсьць і беларусыВайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.