Foreign Policy: Расея падрыхтавала сьпісы для арыштаў і забойстваў ва Ўкраіне. Там ёсьць і беларусы

Расейскія танкі ў Белгарадзкай вобласьці Расеі, непадалёк ад мяжы з Ўкраінай
Расейскія танкі ў Белгарадзкай вобласьці Расеі, непадалёк ад мяжы з Ўкраінай

Злучаныя Штаты атрымалі зьвесткі ад разьведвальных службаў, што Расея падрыхтавала сьпісы людзей, якія маюць быць арыштаваныя ці забітыя ў выпадку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пра гэта піша амэрыканскае выданьне Foreign Policy са спасылкай на чатыры крыніцы, якія маюць доступ да гэты зьвестак. Паведамляецца, што ў сьпісе, акрамя ўкраінскіх палітыкаў і грамадзкіх фігур, ёсьць і беларускія ды расейскія дысыдэнты, якія жывуць ва Ўкраіне.

Раней сёньня прадстаўнік Злучаных Штатаў у Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе Майкл Карпэнтэр заявіў, што, паводле ацэнак ЗША, Расея сканцэнтравала ад 169 000 да 190 000 вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны і каля яе межаў.

Майкл Карпэнтэр патлумачыў, што на 30 студзеня гэтая ацэнка была каля 100 000 і што ў гэты падлік уваходзяць вайскоўцы, нацыянальная гвардыя і падразьдзяленьні службаў бясьпекі на тэрыторыі Расеі і Беларусі каля мяжы з Украінай, а таксама ў акупаваным Крыме.

«Калегі, гэта найбольш значная вайсковая мабілізацыя ў Эўропе ад часу Другой сусьветнай вайны», — сказаў Карпэнтэр.

Ён дадаў, што ЗША маюць паведамленьні з шэрагу крыніцаў пра тое, што Расея рыхтуецца сфабрыкаваць нейкую «ўкраінскую правакацыю», якая б апраўдала расейскі напад на Ўкраіну.

​
XS
SM
MD
LG