Украінская выведка: Расея разглядае два варыянты ядзерных дывэрсій на Чарнобыльскай АЭС

Чарнобыльская АЭС 9 сакавіка 2022 году

Кіраўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Кірыла Буданаў заявіў, што Расея разглядае два магчымыя сцэнары — маштабны падпал чарнобыльскіх лясоў або абстрэл ядзернага сховішча на тэрыторыі Чарнобыльскай АЭС.

«У абодвух выпадках яны зьбіраюцца абвінаваціць у гэтым украінскую ўладу. Але яны не разумеюць нават, да чаго гэта прывядзе. Скажам так: не разумее іхнае кіраўніцтва. Тыя людзі, якія вызначаныя як выканаўцы, усё цудоўна разумеюць, і таму, спадзяюся, у іх хопіць розуму гэтага не рабіць. Бо калі ўзьнімецца радыяактыўная хмара, яна пойдзе ня толькі на Ўкраіну, яна пойдзе ў Заходнюю Эўропу, у першую чаргу ў Беларусь, таму што яна побач. І яна пойдзе ў Расею. Ім трэба добра пра гэта памятаць», — сказаў Кірыла Буданаў у інтэрвію праекту Радыё Свабода «Крым.Рэаліі».

Ён дадаў, што гэта будзе «актамі экацыду і міжнароднага тэрарызму і ядзернага шантажу з боку Расеі». Кірыл Буданаў нагадаў, што Расея ўжо абстрэльвала Запароскую АЭС і нанесла ракетны ўдар па Харкаўскім фізыка-тэхнічным інстытуце, на тэрыторыі якога разьмешчаны экспэрымэнтальны ядзерны рэактар. Расейскія войскі захапілі Чарнобыльскую АЭС 24 лютага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Авіянапады на Мікалаеў і Чарнігаў, аблога Марыюпалю, разбураныя харчовыя склады пад Кіевам. 17-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Увесь гэты час станцыю абслугоўвае адна зьмена, якая выйшла на працу напярэдадні. Расейцы не дазваляюць правесьці ратацыю пэрсаналу. 9 сакавіка стала вядома аб пашкоджаньні высакавольтнай лініі электраперадач, якая забясьпечвала энэргіяй усе ядзерныя аб’екты Чарнобыльскай АЭС, зоны адчужэньня і гораду Славуціча.

Расейскія войскі адмовілі ў арганізацыі «зялёнага» калідора для рамонтнай брыгады. Урэшце атамнікі вымушаныя былі ўключыць дызэль-генэратары для падтрымкі сыстэм бясьпекі Чарнобыльскай АЭС.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейскія вайскоўцы выкралі мэра акупаванага Мелітопаля і крымска-татарскую актывісту. Людзі выйшлі на пратэст

Але паліва ў іх хопіць толькі на 48 гадзін. 10 сакавіка Міністэрства энэргетыкі Беларусі паведаміла, што ўвяло напругу на электралінію «Мазыр — Чарнобыльская АЭС», каб забясьпечыць станцыю электрычнасьцю.

У нацыянальнай кампаніі «Укренерго» назвалі гэта правакацыяй і зноў запатрабавалі адкрыць «зялёны» калідор для ўкраінскіх спэцыялістаў.

Адначасова ва Ўкраіне заявілі, што падача электраэнэргіі зь Беларусі немагчымая, бо ўкраінская энэргасыстэма ўжо адключаная ад беларускай і расейскай энэргасыстэм з самага пачатку агрэсіі Расеі.

Раней дзяржаўнае прадпрыемства «Енергоатом» паведаміла, што расейскія войскі, якія займаюць тэрыторыю Запароскай АЭС, замінавалі ўзьбярэжжа Кахоўскага вадасховішча. Акрамя таго, паводле ўкраінскай кампаніі, расейскія вайскоўцы на Запароскай АЭС абмяркоўваюць пляны накіраваць вырабленую ёю электраэнэргію ў Крым і акупаваную частку Данбасу.