Ва ўрадзе Ўкраіны паведамілі аб арганізацыі 14 гуманітарных калідораў для эвакуацыі мірных жыхароў

Украінскія ўцекачы ад расейскай вайны, сакавік 2022 г.

Найбольш пакутуе ад расейскай блякады паўднёвы ўкраінскі горад Марыюпаль, дзе другі тыдзень няма сьвятла, бракуе вады і ежы і дзе ад расейскіх абстрэлаў загінула больш за 1500 чалавек.

Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны, міністар рэінтэграцыі часова акупаваных тэрыторый Ірына Верашчук заявіла аб арганізацыі пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа 14 гуманітарных калідораў для эвакуацыі цывільнага насельніцтва.

Паводле яе, з Запарожжа ў аточаны расейскімі войскамі Марыюпаль з абавязковым разьмінаваньнем маршруту выйдуць аўтобусы з гуманітарным грузам і з далейшай эвакуацыяй грамадзян на зваротным шляху.

Таксама абвешчана аб эвакуацыі грамадзян з Гастомеля, Казаровічаў, Мікулічаў — у Кіеў, з гораду Палогі — у Запарожжа, з Андрэеўкі, Макарава, Барадзянкі — у Жытомір, з Трасьцянца, Сум, Лебядзіна, Канатопу, Краснапольля і Вялікай Пісараўкі — у Палтаву.

«Вельмі спадзяюся, што сёньня дзень пройдзе ўдала, усе заплянаваныя маршруты будуць адкрытыя і расейцы выканаюць узятыя на сябе абавязаньні па гарантыях рэжыму спыненьня агню», — заявіла Ірына Верашчук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Авіянапады на Мікалаеў і Чарнігаў, аблога Марыюпалю, разбураныя харчовыя склады пад Кіевам. 17-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Эвакуацыя людзей з Ірпяня і Бучы пад Кіевам у фатаздымках

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Расейцы перашкаджаюць эвакуацыі ўкраінцаў па гуманітарных калідорах, нягледзячы на дамоўленасьці аб спыненьні агню