Расейцы перашкаджаюць эвакуацыі ўкраінцаў па гуманітарных калідорах, нягледзячы на дамоўленасьці аб спыненьні агню

Эвакуацыя з Ірпіня Кіеўскай вобласці, 7 сакавіка
Эвакуацыя з Ірпіня Кіеўскай вобласці, 7 сакавіка

У Кіеўскай вобласьці расейскае войска перашкаджае эвакуацыі грамадзянскага насельніцтва і дастаўцы гуманітарнай дапамогі. Такая ж сытуацыя адбываецца ў Марыюпалі і Сумах.

Паводле слоў кіраўніка Кіеўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Аляксея Кулебы, праблемы з вывазам мясцовых жыхароў назіраюцца ў Бучанскім раёне (Макараў, Ірпень, Гастомель), дзе агонь вядзецца па жылых дамах і цывільным насельніцтве.

«На працягу сутак зь Ірпеня ўдалося вывезьці тых, хто змог самастойна дабрацца да месца збору. Цяпер у раёне рыхтуюцца да маштабнай эвакуацыі людзей і дастаўкі гуманітарнай дапамогі. Для гэтага патрэбен рэжым цішыні», — падкрэсьлівае Кулеба.

Праблемы з дастаўкай гуманітарнай дапамогі тычацца Вышгарадзкага раёна. Паводле Аляксея Кулебы, Палеская, Дымерская і Іванкаўская пасялковыя грамады знаходзяцца зараз на мяжы гуманітарнай катастрофы.

«Поўнач раёну застаецца акупаванай ворагам. Ідзе сталая перагрупоўка сіл захопніка. У раён паступае гуманітарная мэдыцынская і прадуктовая дапамога. Але захопнік не дазваляе дапамагчы акупаваным грамадам», — паведамляе ён.

7 сакавіка дарадца міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Дзенісенка паведаміў, што зь Кіеўшчыны эвакуявалі дзьве тысячы чалавек, а больш за чатыры тысячы застаюцца на тэрыторыях, акупаваных расейскімі войскамі.

Войскі Расеі пачалі атаку гуманітарнага калідору і ў Марыюпалі

8 сакавіка ў чарговы раз расейскія войскі парушылі дамоўленасьці па вывазе мірных жыхароў з гарадоў, 8 сакавіка яны пачалі атаку ў кірунку гуманітарнага калідору ў Марыюпалі, заявілі ў штабе ўкраінскай Апэрацыі аб’яднаных сілаў.

«Для эвакуацыі мірнага насельніцтва Марыюпаля па адзіным маршруце абаронцы гораду прынялі шэраг захадаў: расчысьцілі дарогі ад мінаў, зьнялі інжынэрныя загароды і іншае. Аднак акупанты ня выпусьцілі з гораду дзяцей, жанчын і старых. Праціўнік нанёс атаку ў напрамку гуманітарнага калідору», — гаворыцца ў паведамленьні.

Раней у Запароскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі паведамілі, што з Запарожжа ў Марыюпаль адправіліся эвакуацыйныя аўтобусы, была накіраваная і гуманітарная дапамога.

Эвакуацыя мірнага насельніцтва адбываецца ў Сумах 8 сакавіка пасьля таго, як украінскі ўрад абвясьціў аб дамоўленасьці з расейскім бокам аб гуманітарным калідоры ў гэтай мясцовасьці. Пра посьпех ці няўдачу эвакуацыйнай апэрацыі там пакуль няма інфармацыі.

​
XS
SM
MD
LG