«Магчымая правакацыя». Міністар абароны Ўкраіны зьвярнуўся да беларусаў

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў

Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў сьцьвярджае, што Расея імкнецца ўцягнуць Беларусь у вайну з Украінай.

Аляксей Рэзьнікаў сьцьвярджае, што, паводле наяўнай у ведамства інфармацыі, камандаваньне расейскіх войскаў рыхтуе «шэраг крывавых правакацыяў»: расейская авіяцыя рыхтуецца да ўдару па шэрагу населеных пунктаў Беларусі ля ўкраінска-беларускай мяжы (у прыватнасьці, ён кажа пра вёску Капані Столінскага раёну).

«Каб замаскаваць злачынства, Расея мае намер ажыцьцявіць атаку з паветранай прасторы Ўкраіны. Мэта правакацыі — прымусіць цяперашняе кіраўніцтва Беларусі да вайны супраць Украіны», — заяўляе Рэзьнікаў і падкрэсьлівае, што ўкраінская армія «не плянавала, не плянуе і ня будзе плянаваць ніякіх агрэсіўных дзеяньняў супраць Беларусі».

Рэакцыі Мінабароны Беларусі на гэтую заяву пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Авіянапады на Івана-Франкоўск, Дніпро і Луцк, расейскі самалёт упаў у Лунінцы. 16-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны