Колькасьць ахвяраў расейскай вайны сярод цывільнага насельніцтва Ўкраіны, параненых і ўцекачоў імкліва расьце. Расея атакавала Ўкраіну 24 лютага, яе самалёты і ракеты абстрэльваюць дзясяткі гарадоў Украіны, разбураюць жылыя дамы і інфраструктуру. Марыюпаль застаецца ў расейскай блякадзе другі тыдзень.
Офіс Вярхоўнага камісара ў правах чалавека ААН паведаміў, што ад пачатку расейскай агрэсіі на Ўкраіну зарэгістравана 1 506 пацярпелых, у тым ліку 549 асобаў загінулі і 957 атрымалі раненьні.
Паводле ААН, найбольш ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў гарадах Данецкай і Луганскай абласьцей, якія кантралюе ўкраінская ўлада — 99 загінулі і 370 атрымалі раненьні.
На тэрыторыі, падкантрольнай так званым «ЛДНР», 24 загінулі і 115 параненыя.
У Кіеве, Чаркаскай, Чарнігаўскай, Харкаўскай, Херсонскай, Кіеўскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Запароскай і Жытомірскай абласьцях 898 пацярпелых, у тым ліку 426 асобаў загінулі і 472 атрымалі раненьні.
У ААН лічаць, што фактычныя лічбы істотна вышэйшыя, асабліва на падкантрольнай Украіне тэрыторыі і асабліва ў апошнія дні, бо зь месцаў інтэнсіўных баявых дзеяньняў інфармацыю атрымліваюць са спазьненьнем і яна патрабуе пацьвярджэньня.
Асабліва гэта датычыць Валнавахі і Марыюпалю на Данеччыне, а таксама Ізюму Харкаўскай вобласьці, у якіх, папярэдне, пацярпелі сотні мірных жыхароў.
Што гавораць пра цывільныя ахвяры ўлады Ўкраіны
Улады Ўкраіны ня маюць зьведзеных зьвестак аб колькасьці ахвяр сярод мірнага насельніцтва. Найчасьцей украінскія СМІ спасылаюцца на інфармацыю ААН.
Міністар аховы здароўя Ўкраіны Віктар Ляшко заяўляў, што за пяць дзён вайны загінулі 352 грамадзяніны і яшчэ больш як 2 тысячы чалавек атрымалі раненьні.
Паводле яго, за час вайны расейскія войскі пашкодзілі 63 украінскія лякарні ў розных гарадах, 5 мэдыкаў загінулі і больш за 10 атрымалі цяжкія раненьні.
Аб колькасьці ахвяр сярод цывільнага насельніцтва цяпер паведамляюць па асобных гарадах, якія дагэтуль застаюцца пад няспыннымі абстрэламі расейскіх войскаў.
Харкаўскія абласныя ўлады паведамлялі штодня пра дзясяткі загінулых і сотні параненых. На 8 сакавіка было вядома пра гібель 170 грамадзян, у тым ліку 5 дзяцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіеў: Узброеныя сілы Ўкраіны вызвалілі ад расейскіх войскаў 5 населеных пунктаў на ЧарнігаўшчынеЗ моманту блякады расейскімі вайскоўцамі Марыюпалю ў горадзе загінула больш за 1 200 мірных жыхароў, як паведамляў дарадца мэра Пятро Андрушчанка. Аднак жах у тым, што цяпер загінулых ніхто не падлічвае і ня ведае іхнай колькасьці.
Паводле інфармацыі ўкраінскага амбудсмэна Людмілы Дзянісавай, з пачатку вайсковых дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне загнулі 78 дзяцей і больш як 100 атрымалі раненьні.
Колькасьць гуманітарных калідораў павялічваецца. Расейцы абстрэльваюць калёны
11 сакавіка ўкраінскія ўлады пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа дамовіліся аб арганізацыі 12 гуманітарных калідораў у Кіеўскай, Данецкай, Запароскай і Харкаўскай абласьцях.
У мінулыя дні расейскія войскі адразу, як толькі фармаваліся калёны зь мірнымі жыхарамі, пачыналі абстрэл і такім чынам зрывалі эвакуацыю грамадзян з Ірпяня і Барадзянкі Кіеўскай вобласьці. Паводле папярэдніх зьвестак, за ўвесь час улады змаглі эвакуаваць звыш 449 тысяч асобаў, у тым ліку больш як 92 тысячы дзяцей і 5 281 асобу з інваліднасьцю.
Як паведаміў мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка, расейцы ўжо шэсьць дзён зрываюць дастаўку гуманітарных грузаў з Запарожжа ў Марыюпаль.
«Яны цынічна трымаюць у палоне 400 тысяч марыюпальцаў, якія з надзеяй кожны дзень чакаюць гуманітарнага калідора, і цынічна сьцьвярджаюць: „Ён ёсьць, выяжджайце“, і мы б’ёмся-прабіваемся, натыкаемся на міны, на танкі, трапляем пад „Грады“. Гуманітарны груз ужо шосты дзень ня можа прыехаць у рэжыме „абвешчанай Расеяй цішыні“. Гэта самы высокі ўзровень цынізму з боку Расеі. Яны вядуць зьнішчальную вайну», — кажа мэр горада Марыюпалю.
Стала вядома, што напярэдадні ўначы расейскія войскі абстрэльвалі жылыя масівы Марыюпалю з сыстэмы «Град» кожныя паўгадзіны. Мясцовыя жыхары кажуць, што ў горадзе колькасьць ахвяр можа ўжо перавышаць тысячу асобаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларусы, якія ўцяклі ад вайны ва Ўкраіне, змогуць бязь візы трапіць у Нямеччыну і ШвэцыюКолькасьць уцекачоў павялічваецца
Паводле Офісу Вярхоўнага камісара ААН у правах уцекачоў, з Украіны зьехалі 2 504 893 грамадзяны. Найбольш — 1 524 903 асобаў — знайшлі прытулак у Польшчы. 225 046 грамадзян выехалі ў Вугоршчыну, 176 092 чалавекі — у Славаччыну, 104 929 — у Малдову, 105 897 — у Расею (пераважна з так званых «народных рэспублік»), 84 671 — у Румынію, 858 — у Беларусь.
Яшчэ 282 497 грамадзян выехалі з Украіны ў іншыя эўрапейскія краіны.
Дзяржаўная памежная служба Ўкраіны паведаміла, што 11 сакавіка ў пунктах пропуску на межах з эўрапейскімі краінамі ўжо няма вялікіх чэргаў.