На Валыні для патрэб украінскага войска канфіскавалі 23 беларускія грузавікі з прадукцыяй

Пункт пропуску «Ягадзін»

У зоне мытнага кантролю ў пункце пропуску «Ягадзін» (Валынская вобласьць) для патрэб украінскага войска канфіскавалі 23 беларускія грузавікі, якія заехалі на тэрыторыю Ўкраіны да пачатку ваеннай агрэсіі Расеі.

«Сапраўды, згодна з загадам начальніка Валынскай вайсковай адміністрацыі ад 6 сакавіка (і потым яшчэ ад 10 сакавіка ў яго былі ўнесены зьмены), у зоне дзейнасьці Валынскай мытні канфіскавалі для патрэб Узброеных сіл Украіны 26 транспартных сродкаў, зь іх 3 — рэгістрацыі Расейскай Фэдэрацыі і 23 — беларускай рэгістрацыі», — паведаміла Свабодзе прэсавая сакратарка Валынскай мытні Валянціна Чарныш.

Паводле яе, усе гэтыя транспартныя сродкі «ўвайшлі на мытную тэрыторыю Ўкраіны да пачатку ваенных дзеяньняў».

«Нехта заехаў 22-га, а нехта 23 лютага, і цяпер гэтыя транспартныя сродкі, і тавар, якія яны перамяшчалі, канфіскаваныя на карысьць Украіны, згодна з умовамі ваеннага становішча», — удакладніла яна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Людзі сыпаліся праз калючы дрот, як у фільме пра зомбі». Як беларускі фотажурналіст дапамагаў эвакуаваць з Кіева аўтобус з уцекачамі

Валянціна Чарныш падкрэсьліла, што вядзецца выключна пра канфіскацыю грузавых аўтамабіляў, якія належаць юрыдычным асобам, а не легкавых, што знаходзяцца ва ўласнасьці фізычных асобаў.

«Размова ідзе выключна пра аўтадарожныя грузавыя аўтамабілі. Яны перавозілі і арматуру, і шкляныя вырабы. Адным словам, хто чым гандляваў, тое і перавозілі. Тавар перамяшчаўся яшчэ да вайны ў рэжыме транзыту або імпарту ва Ўкраіну і знаходзіўся ў зоне мытнага кантролю», — дадала прэсавая сакратарка Валынскай мытні.

У той жа час яна не змагла ўдакладніць назвы кампаній, якім належаць канфіскаваныя грузавікі, а таксама паходжаньне прадукцыі, што перавозілася.

«Мы маем транспартныя сродкі і іхныя рэгістрацыйныя нумары. Увесь тавар, які пакуль знаходзіцца ў транспартных сродках, належыць адпраўнікам — або Расеі, або Беларусі, — якія хацелі яго прадаць, але не прадалі», — адзначыла Валянціна Чарныш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Авіянапады на Івана-Франкоўск, Дніпро і Луцк, расейскі самалёт упаў у Лунінцы. 16-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Канфіскат ідзе для ваенных патрэб

У Дзяржаўнай мытнай службы Ўкраіны паведамілі, што за 14 дзён расейскай вайны Узброеным сілам Украіны перадалі канфіскаваныя на мяжы тавары і аўтамабілі на суму 115 мільёнаў грыўняў.

У тым ліку, 650 аўтамабіляў на 105 мільёнаў грыўняў, амаль 1 мільён пачкаў цыгарэт на 5 мільёнаў грыўняў, 5,5 тысяч лекаў на 2 мільёны грыўняў, розныя прадукты харчаваньня на 1,2 мільёна грыўняў, 71 кампутар і тэлефон на 0,6 мільёна грыўняў, 1,5 тысячы бронекамізэлек, ахоўных касак і боепрыпасаў на 0,5 мільёна грыўняў.

Як патлумачылі ў Дзяржаўнай мытнай службе Ўкраіны, гэта зроблена адпаведна распараджэньню ўраду Ўкраіны ад 26 лютага 2022 году № 186-р «Аб перадачы маёмасьці для патрэб Узброеных сіл», а таксама рашэньням ваеннага камандаваньня аб прымусовым адчужэньні або канфіскацыі маёмасьці, згодна з законам «Аб прававым рэжыме ваеннага становішча».

Ва Ўкраіне 24 лютага пасьля пачатку агрэсіі Расеі абвясьцілі ваеннае становішча

Згодна з украінскім заканадаўствам, на час дзеяньня ваеннага становішча могуць абмяжоўвацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, прадугледжаныя 12 артыкуламі Канстытуцыі Ўкраіны:

  • на недатыкальнасьць жытла;
  • на тайну ліставаньня, тэлефонных размоў, тэлеграфнай і іншай карэспандэнцыі;
  • на неўмяшаньне ў асабістае і сямейнае жыцьцё;
  • на свабоду перамяшчэньня, выбар месца пражываньня, выезд з Украіны;
  • на свабоду думкі і слова, вольнае выказваньне сваіх поглядаў і перакананьняў;
  • на ўдзел у кіраваньні дзяржаўнымі справамі, у рэфэрэндумах і выбарах;
  • на мірныя сходы, мітынгі і дэманстрацыі;
  • на сваю ўласнасьць і вынікі сваёй інтэлектуальнай і творчай дзейнасьці;
  • на прадпрымальніцкую дзейнасьць;
  • на свабоду выбару працы;
  • на страйкі для абароны эканамічных і сацыяльных інтарэсаў;
  • на адукацыю.

Пакуль што гэта адзіны выпадак канфіскацыі беларускіх грузавікоў на мяжы Ўкраіны з краінамі Эўропы. На Львоўскай мытні Свабодзе паведамілі, што такіх выпадкаў пакуль не зарэгістравалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму Лукашэнка больш не называе ўкраінскіх кіраўнікоў «напалеончыкамі», «мярзотнікамі» і «вар’ятамі»